На чыгуначным пераездзе загінулі шматдзетны бацька і цяжарная маладая жанчына.
Трагедыя адбылася 12 мая ў Касцюковіцкім раёне. Як паведамілі ў Следчым камітэце, каля 18.00 кіроўца «Опеля» парушыў правілы праезду чыгуначнага пераезда, дзе сутыкнуўся з грузавым цягніком.
29-гадовы кіроўца Руслан і 17-гадовая Віка загінулі на месцы, сын Руслана, 2011 года нараджэння, шпіталізаваны. 23-гадовы Уладзімір сканаў у бальніцы.
Руслан з малодшым сынам. Фота з сацыяльных сетак.
«Віка была вельмі добрым чалавекам. Яна была цяжарная, у гэтым месяцы даведалася б, хто будзе — хлопчык ці дзяўчынка. Ехала з мужам, за рулём сядзеў муж сястры,» — расказала пра сяброўку Наста.
— Яна пасля 9 класаў пайшла ў Клімавічы вучыцца на прадаўца. Была на 2 курсе. Калі б у школе засталася, то вучылася б у 11 класе».
Віка і Валодзя жылі ў яе мамы ў аграгарадку Новыя Саматэвічы Касцюковіцкага раёна. У Вікі ў сям’і яшчэ ёсць 4 сястры.
Віка. Фота з сацыяльных сетак.
«Наколькі мне вядома, яны ездзілі знаёміцца да бацькоў хлопца. Яшчэ не ажаніліся. Ну і калі ўсё здарылася, яны ехалі ўжо дамоў, — удакладніла іншая знаёмая Вікі. — Добрая была, вясёлая, дзяцей любіла».
У кіроўцы Руслана ёсць яшчэ дзеці: старэйшыя дачка і сын.
Па інфармацыі Следчага камітэта, мужчына ў сакавіку 2015 быў асуджаны за парушэнне правілаў дарожнага руху, што пацягнула па неасцярожнасці прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання. Па рашэнні суда яму прызначылі пакаранне ў выглядзе 2 гадоў папраўчых работ з пазбаўленнем права кіравання машынай на 5 гадоў.