Выява: Kyocera
Карпарацыя Kyocera запусціла найвялікшую ў свеце сонечную электрастанцыю на вадзе, паведамляе Japan Times.
Больш за 9 тысяч панэлей плаваюць на пляцоўцы 77 на 333 метры і даюць магутнасць 2,3 МВт. Гэткая станцыя можа прыносіць каля 780 тысяч даляраў на год.
На год электрастанцыя выпрацуе каля 2680 МВт-гадзін энергіі, што дазволіць забяспечыць электрычнасцю 820 хатніх гаспадарак. Kyocera збіраецца прадаваць электрычнасць кампаніі Kansai Electric Power у Осака на суму 96 млн ен на год (каля 780 тысяч даляраў).
У планах Kyocera яшчэ большая плавучая сонечная электрастанцыя магутнасцю 13,4 Мвт, што зможа забяспечыць амаль 5 тысяч дамоў. Запусціць яе збіраюцца ў сакавіку 2016 года.
Сонечныя электрастанцыі на вадзе не толькі не займаюць «дэфіцытную» ў Японіі зямлю, але і даюць большую энергаэфектыўнасць у параўнанні з наземнымі.