Да канца чэрвеня Грэцыя павінна вярнуць Міжнароднаму валютнаму фонду $1,54 мільярда. Аднак гэтых грошай у дзяржавы няма, а новы крэдыт атрымаць не ўдаецца праз адмову ўрада скарачаць заробкі і пенсіі. Апошняя спроба дамовіцца з Еўрасаюзам запланаваная на 18 чэрвеня.

Як будуць далей разгортвацца падзеі і ці магчымы выхад Грэцыі з еўразоны? На пытанні «НН» адказвае незалежны эканаміст Сяргей Чалы.

Сяргей Чалы. Фота Кірылы Хілько. 

Сяргей Чалы. Фота Кірылы Хілько. 

«Наша Ніва»: Размовы пра дэфолт Грэцыі ідуць здаўна, але цяпер міністры фінансаў еўрапейскіх краін ўсур’ёз пачалі абмяркоўваць выхад краіны з еўразоны. Гэта рэальнасць ці чарговае папярэджанне «страшылка»?

Сяргей Чалы: Відавочна, што да выхаду Грэцыі так ці інакш рыхтуюцца… Гэта вельмі даўняя гісторыя. Пасля аб’яднання валют (Грэцыя ўступіла ў еўразону ў 2002-м — «НН») адбыўся масіўны прыток капіталу ў краіну. Гэта павялічвала ўнутраныя цэны, адпаведна раслі заробкі. А пасля сусветнага крызісу 2008 года пачаўся адток, і была страчаная канкурэнтаздольнасць.

У такой сітуацыі Грэцыя, маючы ўласную драхму, магла б праз дэвальвацыю аднавіць канкурэнтаздольнасць, як гэта рэгулярна адбываецца ў Беларусі. Але такой магчымасці не было, бо «адзіная валюта» — гэта фактычна фіксаваны курс. Таму заставаўся адзіны спосаб — змяншаць выдаткі на аплату працы.

Яшчэ адна праблема палягае ў тым, што з праграмы дапамогі Грэцыі дзейнічалі па прынцыпе: давайце дамо яшчэ грошай, каб яны маглі разлічыцца па старых пазыках.

«НН»: Але нібыта апошнім часам сітуацыя выпраўляцца і доўг насамрэч скарачаўся?

СЧ: Стаяла задача зменшыць яго да адносна прымальных велічыняў. Але даўгавая нагрузка вымяраецца не ў абсалютных лічбах, а ў працэнтах да ВУП. Склалася парадаксальная сітуацыя. Выкарыстаныя для павелічэння канкурэнтаздольнасці меры – скарачэнне бюджэтных выдаткаў і заробкаў – прывялі да таго, што ВУП падаў хутчэй за доўг. І ў працэнтных суадносінах доўг нават павялічыўся.

«НН»: І ўсё ж, у Грэцыі застаецца шанец для выратавання?

СЧ: Для таго, каб расплачвацца з даўгамі, Грэцыі патрэбны бюджэтны прафіцыт на 3,5—5%. То бок дзяржава павінна траціць істотна менш, чым яна атрымлівае ў выглядзе падаткаў і іншых плацяжоў. Эксперты прыйшлі да меркавання, што гэтая лічба немагчымая. Гэта заб’е эканоміку і пагражае палітычнай стабільнасці. Незадаволенасць насельніцтва можа прывесці да ўлады напаўфашысцкую «Залатую зару» (ультраправая партыя цяпер мае каля 5% у парламенце — «НН»).

Пытанне стаіць наступным чынам: альбо крэдыторы пагаджаюцца на частковае спісанне даўгоў, альбо ў Грэцыі не застанецца ніякага выхаду, апроч увядзення сваёй валюты.

«НН»: Якая імавернасць гэтых варыянтаў?

СЧ: Ёсць некалькі тэорый наступстваў выхаду Грэцыі з еўразоны. Адна з іх — прынцып слабога звяна. Маўляў, для Еўропы будзе карысна пазбавіцца ад хворых складнікаў. Іншая — эфект даміно. Правілы выхаду з еўразоны адсутнічаюць, пры падпісанні ні ў кога не маглі ўзнікнуць думкі пра гэта! І ў іншых можа ўзнікнуць спакуса.

«НН»: Партугалія, Іспанія, хто яшчэ?

СЧ: Нават Італія можа аказацца пад пагрозай. Уся лацінская частка кантынента ў той ці іншай ступені «хворая». Але наколькі я разумею, у Еўропе пануе думка, што трэба трымацца адзінства любой цаной.

«НН»: А ў самой Грэцыі?

СЧ: Там іншы пункт гледжання. Доўгатэрміновыя выгады ад выхаду з еўразоны могуць пераважыць кароткачасовыя страты. Таму што большасць патэнцыйных праблем — напрыклад, уведзеная драхма згубіць у цане ўдвая, будзе вялікі адток капіталу з банкаў… — і так паступова адбываюцца ў выніку рэформаў.

«НН»: Пасля з’яўлення негатыўнай інфармацыі пра Грэцыю курс еўра ў адносінах да іншых валют звычайна падаў. А цяпер дзіўнае зацішша.

СЧ: Пагаршэнне сітуацыі адбывалася ўсе папярэднія гады. Рух еўра ад 1,4 да 1,1 да даляра шмат у чым і ёсць наступствам гэтага. Таму цяперашнія навіны мала каго здзівяць. Больш за тое, у выпадку выхаду Грэцыі еўра якраз-такі можа вырасці. Чым горшае агульнае знешняе становішча еўразоны, тым слабейшая валюта. Пазбавіўшыся ад слабога месца, еўра павінна стаць мацнейшым.

«НН» Прагнозы наконт парытэту даляра і еўра яшчэ маюць актуальнасць?

СЧ: Не думаю. Падобна, што некалькі месяцаў таму еўра намацаў дно (каштаваў 1,05 да даляра — «НН»), і рынак адносна супакоіўся. У цяперашняй цане ўжо закладзены сцэнар выхаду Грэцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?