У МУС Украіны скароцяць мабілізаваных і прызыўнікоў тэрміновай службы, але павялічаць колькасць прафесійных кантрактных вайскоўцаў у Нацыянальнай гвардыі Украіны. Пра гэта на старонцы ў Facebook напісаў кіраўнік МУС Украіны Арсэн Авакаў.

«У рамках рашэння, прынятага Вярхоўным галоўнакамандуючым, Нацгвардыя крок за крокам будзе пераходзіць на прафесійную аснову.

Мы ствараем і нарошчваем злучэнні для сучаснай вайны і хуткага рэагавання, для адпору расійскай агрэсіі і абароны ад дзеянняў тэрарыстычных і дыверсійных груп унутры краіны, улічваючы спецыфіку задач Нацгвардыі. Мы павінны і будзем ўлічваць сучасныя выклікі і пагрозы, адэкватна рэагуючы на тое, што адбываецца, жорсткай прафесійнай гатоўнасцю», — напісаў кіраўнік МУС Украіны.

Паводле яго слоў, кожная часць Нацгвардыі будзе мяняцца, пераходзячы на якасна новы ўзровень. І гэта будзе адбывацца не за кошт колькаснага росту, а за кошт прафесійнай гатоўнасці кампактных матываваных злучэнняў байцоў, дакладна арыентаваных на выкананне сваёй профільнай спецыялізацыі.

Як адзначае Авакаў, адным з элементаў Нацгвардыі будзе сфармаваная новая брыгада спецназа, якая ствараецца з улікам новых падыходаў і прынцыпаў.

«Мы возьмем на ўзбраенне досвед і статуты лепшых армій і спецыяльных падраздзяленняў свету. У актуальнай цяпер гібрыднай вайне і супрацьстаяннях — ключавое значэнне мае якасная перавага над праціўнікам», — падкрэслівае кіраўнік МУС.

Ён упэўнены, што давяраць сучасную тэхніку і рыштунак можна толькі добра навучаным і матываваным байцам, таму ў міністэрстве закладваюць новыя стандарты забеспячэння і стымулы для заключэння кантрактаў з Нацгвардыяй.

Паводле яго слоў, спецназаўцы будуць атрымліваць зарплату ад 7000 грыўняў. Сяржанты, малодшы і сярэдні афіцэрскі састаў — 11—13 тысяч. Актуальны валютны курс даляра ва Украіне — 21,69 грыўні.

Старэйшыя афіцэры — каля 20 тысяч. Акрамя гэтага, будзе выплачвацца «істотная даплата» за ўдзел у спецыяльных баявых аперацыях, інтэнсіўныя і небяспечныя нагрузкі на манеўрах і ў навучанні, за прафесійнае стаўленне да справы.

У брыгаду будуць браць не па мабілізацыі і тэрміновым прызыве, а толькі добраахвотнікаў з рэальным досведам баявых дзеянняў, якія хочуць годна служыць Украіне, напісаў Авакаў.

Ён таксама паведаміў, што камандзірам брыгады прызначаны малады афіцэр, які прайшоў АТА, а начальнік штаба брыгады два гады вучыўся вайсковай справе ў ЗША, выкладаў у цэнтры падрыхтоўкі афіцэраў шматнацыянальных сіл пры Нацыянальнай акадэміі абароны Украіны, мае вопыт камандавання штабам брыгады.

«На падставе такіх падыходаў, з гэтай новай брыгады мы зробім узорнае ваенізаванае злучэнне спецыяльнага прызначэння, цалкам вывучым яго па натаўскіх стандартах і, паступова, крок за крокам, перавядзем па гэтым узоры ўсю Нацгвардыю на прафесійную аснову», — падкрэсліў Авакаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0