Міністэрства абароны Польшчы распрацоўвае канцэпцыю стварэння Нацыянальнай гвардыі. Аб гэтым піша выданне Rzeczpospolita.

Гаворка ідзе пра ваенізаваную арганізацыю, якая ў выпадку вайны павінна змагацца разам з прафесійнымі вайскоўцамі, займацца, між іншым, аховай мірных грамадзян і абаронай мяжы. У мірны час яна павінна дапамагаць органам мясцовага самакіравання ў ліквідацыі наступстваў стыхійных бедстваў і катастроф.

Як чакаецца, на наступным тыдні канцэпцыя павінна трапіць да міністра абароны Тамаша Семаняка.

«Я спадзяюся, што да гэтага праекту таксама будуць прыцягнутыя МУС і органы мясцовай улады», — сказаў адзін з аўтараў праекта, саветнік міністра Багуслаў Пацэк.

Узорам для Нацыянальнай гвардыі павінен стаць фармацыя «Гемварнет», што дзейнічае ў Швецыі. Гвардыя можа налічваць да 300 тысяч чалавек.

Аддзелы Нацгвардыі павінны быць створаны на працягу трох гадоў у буйных гарадах і паветах. Пазней чакаецца, што свае адзінкі будуць у кожнай гміне.

Плануецца, што ў склад гвардыі будуць уваходзіць добраахвотнікі — рэзервісты, члены ваенізаваных арганізацый, пажарныя, мытнікі, паляўнічыя. Аўтары канцэпцыі мяркуюць, што добраахвотнікі будуць атрымліваць і зарплату.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?