Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч 24 кастрычніка з Рыма, дзе завяршаецца Сінод Біскупаў на тэму сям’і, даслаў віншавальны ліст ганароваму Патрыяршаму Экзарху усяе Беларусі мітрапаліту Філарэту з нагоды 50-годдзя епіскапскай хіратоніі.

«Божы Провід паслаў Вас у Беларусь у цяжкія часы ганенняў на Царкву, калі неабходна было захоўваць веру і знаходзіць шляхі для яе ўмацавання. Потым прыйшоў час адраджэння. Дзякуючы Вашым намаганням Праваслаўная Царква не толькі паспяхова пераадолела наступствы атэістычнага рэжыму, але і дынамічна развіваецца», – гаворыцца ў пасланні, паведамляе catholic.by.

Асаблівым плёнам дзейнасць праваслаўнага герарха мітрапаліт Кандрусевіч лічыць добрыя талерантныя ўзаемаадносінамі паміж рознымі канфесіямі і іх вернікамі, падкрэсліваючы руплівасць мітрапаліта Філарэта «на ніве міжканфесійнага і міжрэлігійнага дыялогу».

Называючы мітрапаліта Філарэта «знакавай постаццю ў сучасным хрысціянскім свеце», арцыбіскуп Кандрусевіч зычыць яму моцы і трываласці ў справе абароны маральных каштоўнасцяў падчас секулярнай эпохі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0