У Палацы Незалежнасці пачынаецца цырымонія інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі. Трансляцыя мерапрыемства ідзе па ўсіх дзяржаўных тэлеканалах краіны.
Каментуюць цырымонію тэлевядучыя «Беларусь-1» Дзмітрый Бачкоў і Алена Насачова.
Чакаецца выезд прэзідэнцкага картэжа з рэзідэнцыі ў Драздах у Палац Незалежнасці. Рух у раёне праспекта Пераможцаў ушчэнт перакрыты, Лукашэнка будзе ехаць па пустой дарозе.
12:00
Картэж рушыць па пустым праспекце Пераможцаў.
12:01
Аляксандр Лукашэнка прыехаў у Палац Незалежнасці. Выходзіць з аўтамабіля адзін, без сына Мікалая.
12:05
Выносіцца дзяржаўны сцяг і Канстытуцыя. Цырымонія праходзіць па-руску, але прысяга будзе прыносіцца па-беларуску.
12:06
Пасля ўступнага слова Лідзіі Ярмошынай Аляксандр Лукашэнка зачытвае прысягу. Памылак не робіць.
12:07
Выконваецца гімн, некаторыя ўдзельнікі цырымоніі спяваюць, але Ярмошына і Лукашэнка маўчаць.
12:11
Аляксандр Лукашэнка падпісвае акт аб прынясенні прысягі і ўступленні на пасаду прэзідэнта.
12:13
Пачынаюцца пафасныя прамовы. Першым выступае старшыня савета рэспублікі Міхаіл Мясніковіч. «Да здравствует Аляксандр Лукашэнка! Да здравствует Беларусь», — сканчвае прамову ён.
Наступны — старшыня Канстытуцыйнага суда Пятро Міклашэвіч. Такое адчуванне, што прамаўляе тост на юбілеі: «Жадаю вам жыццёвых сіл!».
12:15
Мікалай Лукашэнка сядзіць у зале побач з прэс-сакратаркай Наталляй Кірсанавай і братам Дзмітрыем.
12:17
Аляксандр Лукашэнка звяртаецца да прысутных, кажа, што выбары былі сумленнымі. Дзякуе тым, хто галасаваў за яго.
«Народ спакойна прыйшоў і паказаў, хто гаспадар у гэтым доме. Я ганаруся, што служу гэтаму народу», — пад апладысменты прамаўляе Лукашэнка.
12:20
Пакуль прамова Лукашэнкі працягваецца, для ўдзельнікаў цырымоніі ўжо падрыхтавалі фуршэт.
12:23
Лукашэнка кажа, што ва Украіне і Расіі былі не надта ўдалыя рэформы. Маўляў, што трэба мяняць у Беларусі? З раздражненнем кажа, што ў кабінетах улады гучаць парады і падказкі аб рэформах. Цікава, гэта апеляцыя канкрэтна да свайго дарадцы Кірыла Рудага?
12:25
Працягваецца «грамадзянская» прамова Лукашэнкі, а пасля ў якасці галоўнакамандуючага ён выйдзе на плошчу Дзяржаўнага сцяга. Пачнецца час сілавікоў.
12:30
«Кажуць «рэформы»? Давайце зламаем ахову здароўя!», — абураецца Лукашэнка. Вось што азначае адарвацца ад паперкі…
Крытыкуе ахвотнікаў правесці рэформы ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы. Лукашэнка запэўнівае і сябе, і прысутных, што ягоная мадэль і так добра працуе.
12:32
У першых шэрагах сядзіць палітычная эліта. А з правага боку — сыны кіраўніка дзяржавы. Віктар Лукашэнка аднесены да сям'і, а не да чыноўнікаў.
12:37
Чарговая частка выступу — пра «палітыкаў-радыкалаў» і Плошчу. Але нядоўга, без імпэту. Проста чарговае папярэджэнне, што каляровыя рэвалюцыі ў Беларусі не адбудуцца.
12:45
Лукашэнка наракае, што, калі пачалі нармалізавацца адносіны з Еўрасаюзам і ЗША, лямант пайшоў «аж да Уладзівастока». А Еўропе, маўляў, не падабаюцца адносіны Беларусі з Расіяй.
Лукашэнка зноў называе Беларусь «лапікам зямлі».
12:50
«Калі вы, беларусы, будзеце ленавацца, я падштурну вас», — абяцае Лукашэнка.
12:53
«Я звычайны чалавек. … Калі і піяруся, то без паказухі». Лукашэнка даводзіць, што на суботніках насамрэч працуе. Кажа прысутным, што ніколі ім не здрадзіць.
12:57
Першая частка цырымоніі працягвалася крыху менш за гадзіну. Цяпер Лукашэнка накіроўваецца на прысягу вайскоўцаў на плошчы Дзяржаўнага сцяга. Тэлеканалы тым часам паказваюць міні-фільм пра дасягненні Беларусі за часамі Лукашэнкі.