Разгляд адміністрацыйных спраў у дачыненні да лідара руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі» Уладзіміра Някляева за ўдзел у вулічных акцыях адбудзецца 12 лістапада ў 10 гадзін у судзе Цэнтральнага раёна Мінска. Аб гэтым яму паведамілі, уручыўшы адпаведную позву, паведаміў палітык БелаПАН.

Някляеў нагадаў, што неразгледжанымі застаюцца два складзеныя на яго пратаколы — за ўдзел у «Шэсці нацыянальнага сцяга» 10 кастрычніка і ў акцыі памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій каля будынка КДБ 29 кастрычніка.

Палітык удакладніў, што не збіраецца прыходзіць у суд 12 лістапада.

Экс-палітзняволены Мікалай Статкевіч, у дачыненні да якога таксама 29 кастрычніка быў складзены адміністрацыйны пратакол, паведаміў, што не ведае, ці прызначаны разгляд яго справы ў судзе Цэнтральнага раёна. «Я не звяртаю на гэта ўвагі», — заявіў палітык.

Раней стала вядома, што ў гэты ж дзень за ўдзел у акцыі каля будынка КДБ будуць судзіць старшыню Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку. Суд над ім таксама прызначаны на 10.00.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?