Аляксандр Лукашэнка, выступаючы з прамовай пасля інаўгурацыі, заявіў пра высокія дасягненні краіны ў ахове здароўя і адукацыі, падзякаваў народу за праведзеную на высокім узроўні выбарчую кампанію і выказаў сумневы ў тым, што краіне патрэбныя рэформы. Лукашэнка падкрэсліў, што ніякай ломкі не будзе, «прынамсі пяць гадоў, пакуль я прэзідэнт».

«Перапаўняе гонар за наша згуртаванае грамадства», — заявіў Лукашэнка. Ён упэўнены, што народ у ходзе мінулай выбарчай кампаніі «прадэманстраваў найвышэйшую палітычную культуру, адзінства перад тварам знешніх выклікаў».

Лукашэнка падзякаваў тым, хто яго падтрымаў, назваўшы гэтую кампанію «перамогай беларускага народа».

«Народ спакойна, ціха і адкрыта прыйшоў і паказаў, хто гаспадар у гэтым доме», — заявіў ён, падкрэсліўшы, што «мы ішлі сваім шляхам, і гэты шлях паказаў правільнасць нашых дзеянняў».

Лукашэнка нагадаў. што за апошнія гады было пабудавана жыллё, спартыўныя арэны, палацы культуры, дарогі, мадэрнізавана мноства прадпрыемстваў, гарантавана харчовая бяспека.

«Народу ўкідваюць розныя ідэі, прымушаюць думаць, але яму патрэбна генеральная лінія, каб яго нехта вёў», — перакананы ён.

«Ужо занадта шмат сёння кажуць і пішуць аб структурных рэформах, і ніхто не сказаў, што гэта за рэформы. Што гэта за структурныя рэформы? Але калі нехта за рэформы, то будзьце сумленныя і скажыце, што трэба зламаць палітычны лад, дзяржаўны лад. Трэба падзяліць, разрэзаць дзяржаўную ўласнасць! І раздаць! На гэта нас штурхаюць рэформы. І за гэтыя рэформы сёй-той сёння ў свеце гатовы шмат заплаціць. Задайце сабе пытанне: «Нам патрэбны такія рэформы?» — пацікавіўся Лукашэнка.

Ён нагадаў, што многія вакол правялі такія рэформы, у тым ліку Расія, Украіна. «Яны пакаштавалі гэтых рэформаў. І што? Што дрэнна ў той сістэме, якую мы стварылі? Што мы зрабілі не так?» — задаў ён рытарычнае пытанне, пералічыўшы дасягненні беларускіх уладаў, у тым ліку — усе сацыяльныя выгоды, якія дастаюцца беларусу яшчэ да нараджэння і затым пасля: дапамога на дзяцей да трох гадоў, бясплатная медыцына і лекі для яго, мізэрная аплата за дзіцячыя сады.

«Мы з першага дня акружылі клопатам гэтага малога і яго бацькоў. Вы паглядзіце, як мы клапоцімся пра парадзіхаў! Нідзе гэтага няма! А колькі мы выносілі 500-700 грамовых дзетак!», — падкрэсліў Лукашэнка, нагадаўшы, што ў гэтым і пазамінулым годзе ў Беларусі не памерла ніводная парадзіха, а ў мінулым «да няшчасця, не выратавалі толькі адну». «Мы стварылі самую наймагутную сістэму аховы здароўя», - заявіў ён, дадаўшы, што ў Беларусі рыхтуюць лепшых лекараў, і гэты досвед у нас гатовыя пераймаць многія краіны.

Рэформы, упэўнены кіраўнік дзяржавы, гэта павышэнне пенсійнага ўзросту, платная медыцына і адукацыя. «Калі вы гатовыя і народ гэтага хоча, я гатовы на любыя рэформы, - паўтарыў ён ужо неаднаразова агучаны аргумент. — Калі вы гатовыя, гэта можна зрабіць за паўгода. Нічога не ламаючы, зробім за паўгода».

Лукашэнка нагадаў, што падросламу дзіцяці ў Беларусі гарантавана першае працоўнае месца.

Працягваючы тэму прамысловасці і вёскі, ён выказаўся супраць прыватнай уласнасці на зямлю.

«Сёння кіраўніка буйнога прадпрыемства складана знайсці таленавітага, а вы хочаце зямлю парэзаць і раздаць гэтым небаракам, якія будуць рыдлёўкай капаць? Што мы будзем ламаць у сельскай гаспадарцы?» — абурыўся ён.

Лукашэнка запэўніў, што гатовы на прыватызацыю, але па годнай цане, «а за вялікую цану ніхто не возьме». Ён нагадаў, што «Беларуськалій» прапанавалі за 32 млрд даляраў. «У нас хто-небудзь купіў хоць адну акцыю за гэты кошт? Не. Нават хабар прапаноўвалі ў мільярды даляраў, каб кошт гэтага «Беларуськалія» быў 15-16 млрд. Вы хочаце гэтай прыватызацыі? Не са мной!» — адрэзаў Лукашэнка, падкрэсліўшы, што не будзе дзяліць тое, што «стагоддзямі нажывацца беларускім народам».

«Гэта заўсёды ў славянскіх народаў заканчваецца трагедыяй. Калі не рэвалюцыяй, то грамадзянскай вайной. А часцяком, і тым, і іншым. Вось мой адказ тым гарачым галовам і рэфарматарам», - рэзюмаваў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?