Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця знізіў прагнозы эканамічнага росту для Украіны, Беларусі і Малдовы, паведаміла прэс-служба ЕБРР. 

Ва ўсіх трох краінах прагназуецца падзенне ВУП у 2015 годзе, прычым, як падкрэслівае ЕБРР, у Беларусі ў 2015 годзе ўпершыню зафіксавана падзенне ВУП амаль за 20 гадоў бесперапыннага росту. 

Згодна з ацэнкамі, за першыя дзевяць месяцаў 2015 года эканоміка Беларусі сціснулася на 3,7% пад значным уплывам рэцэсіі ў Расіі. 

Цяпер ЕБРР прагназуе падзенне ВУП Беларусі да 3,5% у 2015 годзе і 1% у 2016-м.

У маі гэтага года Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця чакаў зніжэння ВУП Беларусі ў 2015 годзе на 2,5%. 

«Эканамічны прагноз на 2015 год для краін Усходняй Еўропы і Каўказа пагоршаны з улікам уплыву рэцэсіі ў Расіі, а таксама больш глыбокай рэцэсіі ва Украіне і Беларусі», — гаворыцца ў апошнім аглядзе ЕБРР эканамічнай сітуацыі ў рэгіёне.

Паводле ацэнак экспертаў банка, у цэлым перспектывы эканамічнага росту ў рэгіёне аперацый ЕБРР застаюцца неаднароднымі. На краіны ва ўсходняй частцы гэтага рэгіёну негатыўна ўплывае рэцэсія ў Расіі, а таксама нізкія цэны на нафту і іншую таварна-сыравінную прадукцыю.

ЕБРР чакае, што ВУП Расіі паменшыцца на 4,2% у 2015 годзе і на 1,2% у 2016-м. Гэта тлумачыцца зніжэннем аб`ёмаў спажывання і інвестыцый з-за значнага падзення цэн на нафту, структурных праблем і ўплыву эканамічных санкцый.

Рэцэсія павінна змякчыцца ў 2016 годзе, калі эканоміка прыстасуецца да нізкіх цэн на нафту, лічаць у Еўрапейскім банку рэканструкцыі і развіцця. Трэба адзначыць, што новы прагноз ЕБРР практычна супадае з новым прагнозам Сусветнага банка, які быў абнародаваны 2 лістапада. Эканамісты Сусветнага банка чакаюць, што ў 2015 годзе ВУП Беларусі знізіцца на 3,5%, у наступным годзе — на 0,5%.

«Структурныя дысбалансы, якія назіраюцца з 2008 года, узмацняюцца зніжэннем попыту на рынках Расіі і Украіны, а таксама падзеннем цэн на сыравіну, што абумоўлівае глыбіню чаканага спаду. Аднаўленне ўнутранага попыту выглядае малаверагодным», — тлумачаць эканамісты Сусветнага банка адмоўную дынаміку ВУП Беларусі.

На іх думку, кароткатэрміновае стымуляванне ўнутранага попыту за кошт квазіфіскальных мер і павышэння зарплат амаль немагчымае ва ўмовах значных выплат дзяржавы па знешніх абавязацельствах. 

«У названых абставінах стагнацыя эканомікі ўяўляецца найбольш верагодным сцэнарыем. З прычыны магчымых ваганняў абменнага курсу і запланаванага росту тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі ўзровень інфляцыі па-ранейшаму будзе вымярацца двухзначнымі лічбамі», — прагназуюць эканамісты Сусветнага банка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?