Медыйная сфера Беларусі мае патрэбу ў пакрокавым структурным рэфармаванні. Аб гэтым заявіў старшыня грамадскага аб'яднання «Беларуская асацыяцыя журналістаў» (БАЖ) Андрэй Бастунец, прадстаўляючы 12 лістапада ў Мінску альтэрнатыўную канцэпцыю рэфармавання медыйнай сферы ў Беларусі. 

Канцэпцыя распрацавана ў межах праекта «Урад для народа», які рэалізуе Інстытут развіцця дэмакратыі і сацыяльнага рынку для Беларусі і Усходняй Еўропы (Літва) па замове аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя». Ён прадугледжвае распрацоўку дзесяці законапраектаў, якія датычацца асноўных напрамкаў развіцця грамадства і дзяржавы (культура, правасуддзе, адукацыя, ЖКГ і іншыя). 

Паводле слоў Бастунца, на першым этапе рэфармавання заканадаўства ў медыйнай сферы неабходна распачаць «неадкладныя арганізацыйныя і прававыя меры, якія знімуць неабгрунтаваныя перашкоды ў развіцці беларускіх СМІ і ўхіляць празмерны дзяржаўны кантроль над імі». 

Гэтыя змяненні, паводле яго слоў, не патрабуюць унясення істотных змяненняў у дзейнае заканадаўства і могуць быць ажыццёўленыя ў кароткія тэрміны. У прыватнасці, адзначыў кіраўнік БАЖ, неабходна адмяніць папраўкі ў закон «Аб сродках масавай інфармацыі», прынятыя ў снежні 2014 года; накласці мараторый на пазасудовае прымяненне санкцый да суб'ектаў СМІ, а таксама на пазасудовую блакіроўку сайтаў; прыпыніць падрыхтоўку змяненняў ва ўказ № 60 адносна адказнасці ўладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў за каментарыі карыстальнікаў; адмяніць патрабаванне абавязковай акрэдытацыі журналістаў замежных СМІ і іншае. 

На другім этапе рэфармавання прапаноўваецца ўнесці змяненні ў дзейнае заканадаўства ў сферы СМІ, якія дазволяць наблізіць яго да дэмакратычных стандартаў. Напрыклад, прапаноўваецца перайсці ад дазвольнага да апавяшчальнага парадку рэгістрацыі СМІ; пазбавіць Міністэрства інфармацыі кантрольных функцый і паўнамоцтваў па прымяненні санкцый да СМІ, інтэрнэт-рэсурсаў, выдаўцоў, распаўсюджвальнікаў прадукцыі СМІ; прывесці ў адпаведнасць з міжнароднымі абавязацельствамі Беларусі пералік інфармацыі, распаўсюджванне якой у СМІ забаронена ці абмежавана. 

На трэцім этапе, адзначыў Бастунец, трэба рэфармаваць заканадаўства аб СМІ ў адпаведнасці з дэмакратычнымі стандартамі, у прыватнасці прыняць новы закон аб СМІ. Акрамя таго, прапаноўваецца трансфармаваць дзяржаўную Белтэлерадыёкампанію ў Грамадскае тэлебачанне і правесці раздзяржаўленне дзяржаўных СМІ, выдавецка-паліграфічных магутнасцяў і сістэм распаўсюджвання друкаваных СМІ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?