Сусветна вядомы часопіс National Geographic на сваім сайце правёў галасаванне на найлепшыя напрамкі для турызму. Па выніках Беларусь заняла другое месца ў свеце ў намінацыі «Агратурызм», саступіўшы толькі Італіі.
Аграсядзіба «Палескія традыцыі», ілюстрацыйнае фота: belarus.by
Наведвальнікі сайта National Geographic галасавалі за свае любімыя напрамкі падарожжаў з 29 чэрвеня па 10 лістапада. У галасаванні прынялі ўдзел больш за 240 тысяч чалавек. Усяго ў прэміі было 18 намінацый, сярод якіх — «гастранамічны турызм», «сямейны адпачынак», «экатурызм», «пляжны адпачынак» і г.д.
У намінацыі «Агратурызм» перамагла Італія (26% галасоў), на другім месцы — Беларусь (22%), на трэцім — Славакія (20%). На жаль, больш Беларусь ні ў якіх намінацыях не трапіла ў топ-3. Да таго ж варта адзначыць другое месца Грузіі ў намінацыі «гастранамічны турызм» – за яе аддалі галасы 18% карыстальнікаў, што ўсяго на 3% менш, чым у пераможцаў – вядомай сваімі кулінарнымі поспехамі Францыі.