Апошнім часам сусветныя СМІ часта пішуць пра запавольванне эканомікі Кітая: сканчаецца эканамічны цуд. Краіна дасягнула своеасаблівай планкі, пасля якой яна будзе развівацца тымі ж тэмпамі, як і іншыя. Так ужо было калісьці з Японіяй. Былы дарадца прэзідэнта Ткачоў і цяперашні дарадца Руды абодва заклікаюць капіяваць кітайскі досвед. Але ці разумеюць яны, у чым быў той досвед?

Іншыя прадракаюць, што кітайцы захопяць свет. А ў фэйсбуку, здаецца, не самыя дурныя людзі тыражуюць навіны, як кітайцы ядуць немаўлят — гэтаксама пісалі пра габрэяў 100 гадоў таму чарнасоценскія газеты. Як мала мы ведаем пра суседа нашага суседа — велічэзны Кітай.

Няма лепшага спосабу зразумець Расію, як пачытаць Гогаля, Дастаеўскага і Шолахава. Зразумець Кітай дапамагаюць кнігі нобелеўскага лаўрэата 2012 года Мо Яня. Некаторыя з іх перакладзеныя на рускую, выйшла першая кніга на ўкраінскай, толькі беларусы тут адстаюць.

Мо Янь — гэта не дысідэнт. Ён цалкам камфортна сябе адчувае на афіцыйнай пасадзе намесніка старшыні кітайскага Саюза пісьменнікаў. А перад тым, як аддацца літаратурнай творчасці, шмат гадоў быў ідэолагам у Народна-вызвольнай арміі Кітая.

Калі ж чытаеш кнігі Мо Яня, то разумееш, што творчай свабоды ў сённяшнім Кітаі непараўнальна больш, чым у Беларусі. Умоўны Чаргінец не даў бы друкаваць раманы Мо Яня, абвінаваціў бы пісьменніка ў антыдзяржаўнай пазіцыі. А вось у Кітаі гэта публікуецца.

Мо Яня часта абвінавачваюць, што яго проза занадта грубая, вясковая. У ёй шмат натуралізму і мала рамантыкі. Мо Янь — гэта не саладжавы японец Харукі Муракамі, які дзеля камерцыйнага поспеху ўсё ж прыдумаў зусім не адпаведны хэпі-энд у трылогіі 1Q84.

Проза Мо Яня жорсткая, у канцы ягоных кніг усе ці амаль усе паміраюць. Амаль як у Васіля Быкава.

Раман «Стаміўся нараджацца і паміраць» і пачынаецца са смерці. 1949 год. Памешчыка Сімэнь Нао расстрэльваюць без суда і следства. За пару месяцаў да гэтага была абвешчана Кітайская Народная Рэспубліка, над Кітаем узышло сонца «Вялікага кормчага» Мао Цзэдуна. Новая ўлада ліквідуе непажаданых элементаў, якія не ўпісваюцца ў сацыялістычную будучыню краіны.

Сімэнь Нао гіне, але віны сваёй не прызнае. Уладар пекла Янь-Ло, бачачы непахіснасць натуры памешчыка, адпраўляе яго назад на зямлю. Вось толькі ўжо не чалавекам, а аслом. Пазней Сімэнь Нао будзе перараджацца валом, кныром, сабакам і малпай. Кола пакутлівых перараджэнняў.

У такой вось фантастычнай форме Мо Янь тчэ грандыёзнае палатно гісторыі Кітая ХХ стагоддзя. Дзеянні адбываюцца ў родным калгасе Мо Яня. Вось скажы сёння каму з беларускіх пісьменнікаў, што трэба пісаць пра калгасы, то падымуць на смех. Несучасна, нікому нецікава. А Мо Янь піша.

Галодная першая пяцігодка, псеўдалібералізацыя палітыкі «Няхай расцвітаюць сто кветак», дурны «Вялікі скачок», дзікая эпоха «Культур най рэвалюцыі». Наогул, лёгка не было нікому. Ні людзям, ні жывёле.

Проза Мо Яня — гэта знішчальная крытыка камуністычнага Кітая дарынкавага перыяду.

Мо Янь піша з непрыхаванай любоўю да тых, каго прынята было называць «ворагамі народа». Былых гаміньданаўцаў, паноў, сялян-аднаасобнікаў. Паказвае іх людскасць, але перадусім бясконцую працавітасць. І адначасова паказвае пустату, маральную дэградацыю, бесталковасць тых людзей, што прыйшлі да ўлады пры Мао.

Сінятвары селянін Лань Лянь адмаўляецца ўступаць у калгас. Нягледзячы ні на што, ён працягвае апрацоўваць свой невялікі надзел. Пад ціскам улады ад яго адварочваецца сям'я, з яго здзекуюцца хунвейбіны на чале з прыёмным сынам, у яго адбіраюць асла і вала. Яму не даюць выходзіць на поле днём. Тады ён працуе пры святле месяца.

«У эпоху, калі мільёны людзей апявалі сонца, знайшоўся чалавек, які адчуваў такія глыбокія пачуцці да месяца», — так паэтычна апісваецца Лань Лянь.

У паслямоўі Мо Янь прызнаецца, што напісаў гэтую кнігу за 43 дні, але яна выспявала ў ім амаль 40 гадоў. І прататып такога аднаасобніка сапраўды існаваў.

Вось як намеснік старшыні афіцыйнага Саюза пісьменнікаў Кітая Мо Янь апісвае ў рамане дзень смерці Мао Цзэдуна: у гэты дзень «больш за тысячу галоў дохлых свіней са свінафермы «Абрыкосавы сад» плылі шэраг за шэрагам: яны гнілі, набрыньвалі, лопаліся, іх жэрлі лічынкі, раздзіралі на кавалкі рыбы, а яны плылі і плылі, пакуль нарэшце не зніклі ў бязмежных прасторах Усходняга мора, дзе іх праглынулі, дзе яны растварыліся, ператварыліся ў самыя розныя часціцы вялікага і спрадвечнага кругазвароту матэрыі».

Эпоха рэформаў і адкрытасці прыносіць Кітаю дабрабыт. У ворагаў народа іх былыя каты просяць прабачэння. І ўсе згаджаюцца, што Лань Лянь заўсёды меў рацыю, а яны — не.

Былыя хунвейбіны становяцца самымі прашаранымі бізнэсменамі, якія праўдай і падманам зарабляюць мільёны юаняў прыбытку. І пляваць яны ўжо хацелі на былыя ідэалы. «Тое, што мы лічылі святым, над чым дрыжалі, сёння падобна да купкі сабачага г…».

З раманаў Мо Яня вынікае, што поспех Кітая апошніх 35 гадоў грунтуецца на абдуманым адмаўленні памылак папярэдняга перыяду. Насуперак таму, што мяркуе Ткачоў, Кітай расквітнеў, бо зрабіў стаўку на прыватную ўласнасць, прыватнага гаспадара.

Толькі састарэлы паўвар'ят, «апошні воін рэвалюцыі», Хуан Таюэ спрабуе вылечыць грамадства ад віруса капіталізму. Але ён ужо не здольны павярнуць працэсы назад.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0