Працэнтныя стаўкі па банкаўскіх крэдытах у 2016 годзе могуць быць зніжаны ў выпадку прыняцця адпаведнага палітычнага рашэння, прагназуе старшы аналітык форэкс-брокера «Альпары» Вадзім Іосуб.

У інтэрв'ю БелаПАН ён адзначыў, што ў 2015 годзе назіраўся рост долі праблемных актываў у банкаўскай сістэме. Да 1 снежня доля праблемных актываў беларускіх банкаў вырасла да 6,71% (супраць 4,37% на 1 студзеня). У грашовым выражэнні праблемныя актывы банкаў павялічыліся амаль удвая - з 14,5 трлн рублёў на 1 студзеня да 26,5 трлн рублёў на 1 снежня. «Гэты фактар будзе перашкаджаць зніжэнню ставак па крэдытных рэсурсах», - лічыць Іосуб.

Паводле апошніх звестак Нацыянальнага банка, сярэдняя стаўка па новых рублёвых крэдытах для юрыдычных асоб у лістападзе 2015 склала 35% гадавых, па валютных - 9,2% гадавых.

Па словах аналітыкаў фінансавага рынку, у працэсе крэдытавання банкі павінны пакрываць выдаткі, зарабляць прыбытак і ўлічваць пры гэтым рызыкі незвароту крэдытаў. «Зніжаць стаўкі па крэдытах банкі добраахвотна ў 2016 годзе не будуць, улічваючы рост праблемных актываў. У гэтых умовах зніжэнне кошту крэдытных рэсурсаў можа адбывацца толькі адміністрацыйным чынам», - адзначыў Вадзім Іосуб.

Пакуль, дадаў ён, улады ўстрымліваюцца ад прымусовых рашэнняў па зніжэнні кошту крэдытных рэсурсаў. Больш за тое, цяперашняя жорсткая грашова-крэдытная палітыка рэгулятара прадугледжвае абмежаванне аб'ёмаў крэдытавання.

«Якая верагоднасць валявога, адміністрацыйнага ўздзеяння на працэнтныя стаўкі? Базавы сцэнар гэтага не прадугледжвае. Аднак у выпадку сур'ёзнага эканамічнага спаду гэтую меру могуць лабіраваць прадстаўнікі прамысловасці. Працэнтныя стаўкі ў такім выпадку могуць адміністрацыйным чынам знізіць, калі будзе прынята адпаведнае палітычнае рашэнне на самым высокім узроўні», - прагназуе Вадзім Іосуб.

Разам з тым, падкрэсліў ён, рэалізацыя гэтага сцэнара можа адмоўным чынам адбіцца на балансах банкаў. «У сітуацыі пагаршэння якасці крэдытнага партфеля банкаў прымус да зніжэння ставак можа яшчэ больш пагоршыць банкаўскія балансы. Адміністрацыйнае зніжэнне працэнтных ставак па крэдытах можа быць небяспечнае для банкаўскай сістэмы», - рэзюмаваў эксперт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?