У аўторак прайшлі спрэчкі бакоў.

У следства былі падставы меркаваць, што Бародзіч яшчэ і прадаваў наркотыкі. Непасрэдных доказаў таму не было, але на падазрэнні наводзілі знойдзеныя следчымі шалі, фасовачныя пакеты і аб’ёмы, у якіх Бародзіч закупаў марыхуану. Гэта, у пераліку на грошы, мінімум дзве тысячы даляраў за паўтары года.

Праведзеная экпертыза паказала, што ў самога акцёра наркатычнай залежнасці няма.

Грунтуючыся на гэтым 1 сакавіка пракурор запрасіў для Бародзіча 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму без канфіскацыі маёмасці.

«Адкуль у падсуднага такія грошы на закуп значных аб’ёмаў марыхуаны?» — задаўся пытаннем пракурор Аляксандр Таўстагузаў і прыгадаў словы мастацкага кіраўніка тэатра Мікалая Пінігіна пра тое, што людзі ў Купалаўскім працуюць за ідэю.

Адвакатка Бародзіча Кацярына Дземідавец у сваю чаргу зазначыла, што абвінавачанні ў распаўсюдзе не даказаныя і грунтуюцца толькі на здагадках. Яна пералічыла заслугі акцёра і прыгадала яго цяжарную жонку. Яна папрасіла апраўдаць Бародзіча

А Купалаўскі тэатр даслаў на імя суда хадатайніцтва з просьбай прызначыць мінімальнае пакаранне з магчымых, бо Бародзіч — выбітны акцёр.

Дарэчы, артысты Купалаўскага амаль што ў поўным складзе прысутнічалі на ўсіх паседжаннях па справе свайго калегі. Усе яны пільна слухалі і апошняе слова Бародзіча.

«Я ўсведамляю сваю жудасную памылку і раскайваюся, — сказаў той, звяртаючыся да суда. —Прашу паверыць, што мэты збыту ў мяне не было, усё набывалася для ўласнага спажывання. Я абяцаю, што знайду іншыя шляхі расслаблення. Я прашу суд даць мне шанец выгадаваць маё будучае дзіця ў паўнавартаснай сям'і. Бо, пабываўшы ў СІЗА, я зразумеў, што нішто не вартае разлукі з сям'ёй, любімай жанчынай і работай», — сказаў Бародзіч.

Суддзя Аляксандр Рудэнка абвесціць прысуд 2 сакавіка.

***

Чытайце яшчэ: У Мінску за марыхуану судзяць акцёра Купалаўскага, увесь калектыў прыйшоў у суд падтрымаць калегу

Арцём Бародзіч абвінавачваецца па ч.2 арт.328 (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў) Крымінальнага кодэкса Беларусі. Яму пагражае пазбаўленне волі на 5—8 гадоў з канфіскацыяй або без канфіскацыі маёмасці.

У кастрычніку 2015 года Бародзіч быў затрыманы супрацоўнікамі праваахоўных органаў у сябе ў кватэры. У яго знайшлі 26 грам марыхуаны. Пакуль ішло расследаванне, акцёр заставаўся на волі, іграў у спектаклях. Аднак затым яго дзеянні перакваліфікавалі на больш цяжкае злачынства, і 25 студзеня Арцёму Бародзічу прад'явілі ўжо канчатковае абвінавачанне па ч. 2 арт. 328 КК. Цяпер яго абвінавачваюць «у незаконных дзеяннях з мэтай збыту», набыцця і захоўвання марыхуаны. У той жа дзень яго ўзялі пад варту.

Некалькі гадоў таму Бародзіч таксама прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за незаконнае захоўванне небяспечных наркатычных сродкаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?