17 студзеня 2016 года кампанія ЭСМА, якая была ўладальнікам папулярнай праграмы з мапай Мінска City Info, спыніла распаўсюджванне гэтай праграмы. Згодна з інфармацыяй на афіцыйным сайце, у праграмы з’явіўся новы ўладальнік, які шукае крыніцы яе фінансавання. Пакуль што невядома, ці будзе праграма зноў абнаўляцца і легальна распаўсюджвацца. «Наша Ніва» разглядзела, якія ёсць на дадзены момант альтэрнатывы сэрвісу City Info, што часова прыпыніў сваё існаванне.

Сэрвісы Yandex

Расейскі сэрвіс прапаноўвае дэталізаваную мапу Мінска ў выглядзе схемы, здымка са спадарожніка альбо ў гібрыдным выглядзе. Мапы даступныя праз інтэрнэт-браўзер альбо мабільныя праграмы на папулярных платформах. Можна пракладваць маршруты з аднаго пункта ў іншы на грамадскім транспарце. Ёсць і адмысловая праграма Яндэкс.Транспарт, дзе можна пракладваць маршруты і сачыць за актуальным рухам транспарту. Адсочваць рух у рэальным часе можна толькі ў Баранавічах, Пінску, Гародні, Слуцку, Бабруйску і Лідзе. На жаль, у Мінску адсочваць рух у рэжыме анлайн пакуль нельга, працуе толькі функцыя пракладвання маршрутаў.

Акрамя таго, Яндэкс.Карты маюць вялікі спіс з установамі і арганізацыямі горада. Можна без асаблівых праблем знайсці бары, банкаматы, гандлёвыя цэнтры, гатэлі і іншыя аб’екты на мапе, паглядзець водгукі, час працы, тэлефоны і іншую карысную інфармацыю.

Яндэкс.Карты можна спампаваць з сеціва на смартфон і працаваць з мапамі афлайн. Таксама з дапамогай сэрвісу можна праглядаць панарамы мінскіх вуліц і назіраць за заторамі на дарогах.

Google Maps

Google прапануе падобны сэрвіс, але ў Беларусі шматлікія функцыі Google Maps проста не працуюць. Нельга пракласці маршрут грамадскім транспартам, нельга праглядаць панарамы мінскіх вуліц. У параўнанні з краінамі-суседкамі, Беларусь слаба прадстаўленая на Google Maps і з’яўляецца «белай плямай».

Блакітным пазначаныя тэрыторыі, прадстаўленыя на Google Street View

Блакітным пазначаныя тэрыторыі, прадстаўленыя на Google Street View

На мапах Google можна знайсці шмат арганізацый і ўстаноў горада, але іх пошук па катэгорыях у Яндэксе куды больш зручны.

Map.by

Сэрвіс, які працуе на аснове OpenStreetMap, прапаноўвае стандартны набор: мапа горада, рубрыкатар кампаній, канструктар маршруту грамадскага транспарту. Але map.by не мае мабільнай праграмы, таму сэрвіс даступны толькі праз браўзер.

Minsk Guide

Мабільная праграма на Android дазваляе пры дапамозе мапы Google пракласці маршрут ад аднаго пункта да іншага, паглядзець расклад руху грамадскага транспарту. Праграма мае беларускамоўную версію і даволі добрыя водгукі ад карыстальнікаў. На жаль, няма магчымасці працаваць з мапай афлайн.

Карта Минска оффлайн

Чарговая праграма ад Android. Ёсць асобныя анлайн і афлайн мапы. У праграме даволі вялікі сістэматызаваны каталог устаноў і арганізацый. Можна пракладваць маршрут, але толькі аўтамабільны. Таксама недахопам з’яўляецца тое, што ў праграме ёсць рэклама, якую можна адключыць, толькі набыўшы платную версію.

Минск Minsk

Бадай, самая поўная і інфарматыўная праграма з інфармацыяй пра мінскія ўстановы і арганізацыі на iOS. Уся інфармацыя добра сістэматызаваная, ёсць падрабязная інфармацыя з адрасамі і тэлефонамі. Можна шукаць бліжэйшыя ад вас установы на мапе. Выдатна працуе пошук па ключавых словах і катэгорыях. На жаль, праграма не прадугледжвае магчымасці пракладваць маршруты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?