Дэпутатка Дзяржаўнай думы Таццяна Маскалькова стала расійскім амбудсменам — упаўнаважанай па правах чалавека. З Беларуссю яе яднае месца нараджэння. Праўда, усю кар’еру яна будавала ў Расіі.

«Наша Ніва» сабрала біяграфіі некалькіх беларусаў па нараджэнні, якія трапілі ў найвышэйшыя эшалоны расійскай улады.

1. Таццяна Маскалькова, амбудсмен

Маскалькова нарадзілася ў Віцебску ў сям’і вайскоўца. Бацька быў афіцэрам Паветрана-дэсантных войскаў, маці каталася ўслед за ім па гарнізонах. Калі ў 1965 годзе бацька памёр, сям’я пераехала ў Маскву. Таццяне тады было 10 гадоў.

Яна вывучылася на юрыста з міліцэйскім «ухілам», таму і кар’еру рабіла ў сістэме МУС.

Калі яе непасрэдны начальнік у канцы 1990-ых балатаваўся ў Дзяржаўную думу Расіі ад ліберальнага «Яблака», гэта ж паспрабавала зрабіць і Маскалькова. Марна.

Затое ўдалося прабіцца ў парламент ад сацыялістычнай «Справядлівай Расіі» ў 2007 годзе.

Маскалькова – адыёзная абаронца ўлады. Пасля акцыі «Пусі Райт» яна склала законапраект пра новы крымінальны артыкул – «замах на маральнасць». Праўда, ён не быў зацверджаны. Таксама Маскалькова прапаноўвала канфіскоўваць маёмасць у… сваякоў тэрарыстаў.

А заступаючы на новую пасаду, паабяцала абараняць рускамоўныя школы за мяжой і супрацьстаяць «шантажу Захада» ў праваабарончай сферы.

Сябе Маскалькова называе двойчы доктарам навук – філасофскіх і юрыдычных.

2. Франц Клінцэвіч, сенатар

 

Сенатар ад Смаленскай вобласці Франц Адамавіч Клінцэвіч – адзін з самых зацятых будаўнікоў «рускага свету».

Ён прапаноўваў пастаўкі зброі ў «ДНР» і «ЛНР», пагражаў Абаму і «кіеўскай хунце». У свой час дабіваўся перагляду рашэнняў савецкіх органаў улады, у якіх асуджалася афганская вайсковая кампанія. Папуліст-Клінцэвіч нават збіраў грошы, каб выкупіць дом у Аўстрыі, дзе нарадзіўся Гітлер, і зруйнаваць яго.

…Пачыналася ягоная гісторыя ў Ашмянах. Клінцэвіч нарадзіўся ў сям’і беларускіх сялян, паспеў нават папрацаваць настаўнікам у мясцовай школе.

А пасля зрабіў вайсковую кар’еру ў Расіі. Клінцэвіч служыў у Афганістане і пасля ўзначаліў адзін з ветэранскіх саюзаў. У парламенце ён засядаў з 1999 да 2015 гадоў, прычым аднойчы балатаваўся ад Чачні. Уваходзіў у камітэты па абароне і справах ветэранаў.

Цяпер лічыцца членам савета федэрацыі ад Смаленскай вобласці. У анкетах указвае, што валодае замежнай мовай – беларускай.

3. Міхаіл Абызаў, міністр без партфеля

Пасада 43-гадовага мінчука афіцыйна называецца «міністр па пытаннях Адкрытага ўраду». Ніякага ведамства ў падначаленні Абызава няма, фактычна ён дарадца прэм’ер-міністра.

Днямі ўвесь урад Расіі апублікаваў дэкларацыі аб даходах, і Абызаў аказаўся самым багатым за мінулы год, атрымаўшы каля $7 мільёнаў.

Гэта не дзіва, бо мінчук зрабіў сабе імя ў бізнэсе. Доўгі час ён быў дырэктарам энергетычных кампаній.

Цяперашні актыў мільярдэра — група кампаній RU-COM. Таксама Абызаў з’яўляецца саўладальнікам праекта Digital October — пляцоўкі для мерапрыемстваў па тэхналагічнай і мадэрнізацыйнай тэматыцы.

«Бацька працаваў электрыкам, мама — электрагазазваршчыцай, — расказваў Абызаў пра сваё мінскае дзяцінства. — Дваровая кампанія, сябры з завадскіх сем’яў, бойкі сценка на сценку. Першая школа выжывання». А першыя грошы зарабіў грузчыкам на «Аліварыі».

4. Сцяпан Кірычук, сенатар

Некалькі дзесяцігоддзяў жыцця Кірычук аддаў Цюменскай чыгунцы. Першая адукацыя хлопца з вёскі пад Кобрынам – Брэсцкі тэхнікум чыгуначнага транспарта.

Пасля развала СССР Кірычук доўгі час кіраваў Цюменню, а з 2005 трапіў на сінекуру ў савет федэрацыі. Ён узначальвае камітэт па федэратыўным уладкаванні, рэгіянальнай палітыцы, мясцовым самакіраванні і справах Поўначы.

Кірычук лічыцца доктарам сацыялагічных навук, праўда, інтэрнаўты злавілі яго на плагіяце. Мінімум траціна навуковай працы была банальна спісаная. 

5. Віктар Пінскі, дэпутат

Гісторыя жыцця ўраджэнца Ліды падобная да Клінцэвіча. Першыя 20 гадоў жыцця Пінскі пражыў у Беларусі, а пасля з’ехаў рабіць вайсковую кар’еру.

Ён скончыў юрыдычны факультэт Ваеннага інстытута Міністэрства абароны СССР і размеркаваўся суддзёй у Прымор’е. Паспрабаваў сябе ў бізнэсе, а пасля стаў прафсаюзным кіраўніком.

У Дзяржаўнай думе ён узначальвае камітэт па рэгламенце і арганізацыі працы.

Пасля анэксіі Крыма Пінскага адправілі наладжваць на паўвостраў партыйнае будаўніцтва «Адзінай Расіі». У Дзяржаўнай думе ўраджэнец Беларусі выступаў з дакладам, у якім папярэджваў, што за патрабаванне вярнуць Украіне Крым будзе пагражаць да 5 гадоў зняволення.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?