Беларуская партыя левых «Справядлівы свет» патрабуе ад уладаў прыняцця новага закона аб сацыяльнай абароне ліквідатараў аварыі на Чарнобыльскай АЭС і грамадзян, якія пражываюць на пацярпелых тэрыторыях, гаворыцца ў заяве, прынятай 23 красавіка на пасяджэнні бюро цэнтральнага камітэта партыі.

Гэты закон, лічаць у арганізацыі, павінен прадугледжваць у тым ліку «вяртанне ліквідатарам ўсіх адабраных ільготаў і сацыяльных гарантый».

Акрамя таго, партыя заклікае ўлады прыняць «доўгатэрміновую комплексную праграму па аднаўленні інфраструктуры і сацыяльнай сферы рэгіёнаў, пацярпелых ад выбуху на Чарнобыльскай АЭС, вырашэння назапашаных там праблем».

У заяве адзначаецца: пасля аварыі «з высокіх дзяржаўных трыбун рабіліся заявы аб тым, што пацярпелыя тэрыторыі будуць цалкам адноўлены і людзям, якія пражываюць на іх, будзе забяспечаны ўзровень жыцця, супастаўны з самымі заможнымі краінамі свету». «Аднак праз 30 гадоў неабходна канстатаваць, што ўзровень жыцця ў большасці пацярпелых раёнах знізіўся. Беспрацоўе, заняпад эканомікі, нізкі ўзровень медыцынскага абслугоўвання і сацыяльнай абароны, абыякавасць ўлады - такая сённяшняя рэальнасць для людзей, апаленых Чарнобылем», - гаворыцца ў дакуменце.

«Першы ўдар на сябе прынялі ліквідатары аварыі. Менавіта яны прыйшлі на дапамогу людзям, якія апынуліся ў бядзе. Аднак праз 25 гадоў у беларускіх ліквідатараў указам прэзідэнта адабралі ўсе сацыяльныя льготы. Дзяржава практычна забылася на тых, хто, рызыкуючы жыццём і здароўем, браў удзел у ліквідацыі наступстваў ядзернага выбуху. Неабходна адзначыць, што нашы суседзі, Расія і Украіна, якія менш пацярпелі ад наступстваў Чарнобыля, тым не менш захавалі ліквідатарам ўсе льготы», - абгрунтоўвае партыя свае прапановы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?