12 ліпеня ў Мінскім гарадскім судзе абвешчаны прыгавор па так званай справе прафесараў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта (БНТУ).

Суд пагадзіўся з пазіцыяй дзяржабвінаваўцы і прыгаварыў Аляксандра Чычко да чатырох гадоў пазбаўлення волі, Уладзіміра Собалева — да трох гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі, Вольгу Чычко — да трох гадоў пазбаўлення волі і ўсім прызначыў канфіскацыю маёмасці, пазбавіў іх права выконваць арганізацыйна-распарадчыя функцыі тэрмінам на пяць гадоў.

Да ўсіх абвінавачаных прымененая адтэрміноўка выканання асноўнага пакарання тэрмінам на два гады, арыштаваную маёмасць фігурантаў пастаноўлена звярнуць ў даход дзяржавы.

Абвінавачванне сцвярджала, што фігуранты насуперак інтарэсам службы, з карыслівай і іншай асабістай зацікаўленасці, маючы мэты кар'ерызму, жадаючы зарэкамендаваць сябе паспяховымі навукоўцамі, злоўжылі сваімі службовымі паўнамоцтвамі, арганізаваўшы працу, размеркаванне ўзнагароджання членам часовых навуковых калектываў, складанне справаздачных матэрыялаў, а таксама рэгістрацыю камп'ютарных праграм на фізічных асоб з парушэннем стандартаў законнасці. Гэтыя дзеянні нібыта пацягнулі парушэнне выключнага права ўласнасці БНТУ на вынікі навукова-даследчых работ, а таксама цяжкія наступствы ў выглядзе нямэтавага выкарыстання выдаткаваных дзяржавай фінансавых рэсурсаў у асабліва буйным памеры — больш за 176 млн. рублёў. Пры гэтым для стварэння бачнасці выкананых работ і абгрунтаванасці выплаты ўзнагароды службовымі асобамі неаднаразова фальсіфікаваліся справаздачныя матэрыялы. Як сцвярджаў дзяржабвінаваўца, справаздачы аб работах, выкананых у розныя гады для розных заказчыкаў, дублююцца прыкладна на 85%.

Ніхто з абвінавачаных віны не прызнаў. Адвакаты падчас спрэчак абвяргалі ўсе вылучаныя супраць падабаронных абвінавачанні.

Следства па гэтай справе доўжылася каля трох гадоў. Судовы працэс працягваўся паўгода.

Прыгавор Мінскага гарадскога суда можа быць абскарджаны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?