Страшную знаходку ўбачылі грамадскія актывісты, якія прыехалі ва ўрочышча Благоўшчына правесці акцыю, прымеркаваную да Міжнароднага дня памяці ахвяр нацызму і сталінізму.

Увечары 23 жніўня каля дзесяці грамадскіх актывістаў правялі акцыю ў памяць пра ахвяр камуністычных рэпрэсій ва ўрочышчы Благоўшчына (каля вёскі Трасцянец, Мінскі раён).

Калі актывісты прыехалі да месца акцыі, яны ўбачылі нечаканае і непрыемнае — пасярод дарогі, пад крыжом у памяць забітых людзей ляжаў забіты баран.

«Баран быў са звязанымі нагамі і перарэзаным горлам, побач з баранам быў намаляваны і пасыпаны соллю круг, па усей даўжыні якога былі напісаны нейкія літары і лічбы. У цэнтры круга была вялікая чорная пляма — імаверна, запечаная кроў — і ляжала недагарэлае вуголле і попел. Відавочна, праводзіліся рытуальныя дзеянні», — напісала на сваёй старонцы ў фэйсбуку ўдзельніца акцыі Ганна Шапуцька.

Пасля акцыі грамадскія актывісты выклікалі міліцыю, якую давялося чакаць больш за гадзіну. Міліцыянты перапісалі дадзеныя людзей і, апытаўшы, адпусцілі. Міліцыянты паведамілі, што перададуць звесткі экалагічнай службе.

У каментары «Новаму Часу» Ганна Шапуцька апавяла, што сёння наконт гэтай гісторыі ёй званілі з «Рэмаўтадора» — пыталіся, дзе ж ляжыць той баран. Маўляў, ён быў на праезнай частцы, таму міліцыя загадала яго прыбраць. «Ці будуць нейкія далейшыя дзеянні па расследаванні гэтага рытуальнага забойства — невядома. Міліцыянты настроены скептычна, маўляў, забіты ж не чалавек, а баран. Сказалі, што начальства павінна прыняць рашэнне цягам трох дзён — тады і будзе нейкая новая інфармацыя. Асабліва здзіўляе, што гэты баран ляжаў метрах у 500 ад шашы і, відаць, ляжаў не адзін дзень, бо распух, а нікому не было справы, хоць там ездзяць шмат машын. Вельмі абурае, што месца расстрэлаў настолькі занядбанае», — адзначыла Ганна Шапуцька.

Інтэрнэт-карыстальнікі актыўна гадаюць, што ж за рытуальнае забойства магло там адбыцца. Вядомы мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі выказаў здагадку пра тое, што гэта мог быць армянскі абрад ахвяравання «матах», а кіраўнік партала «Крыніца.інфо» Максім Гацак лічыць, што абрад праводзілі неапаганцы альбо прыхільнікі магіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?