На могілках у сяле Крытышын, што каля Янова (Іванава), на свята Спаса, 19 жніўня, на магілы прыносяць яблыкі.

Дзе-нідзе ў пяску тырчаць таксама лыжкі ды відэльцы.

Дзе-нідзе ляжаць і цукеркі, кавалкі каравая.

Яблык ляжыць і на першапахаванні 20-гадовага Васіля Кужалінава.

Юнака спалілі жыўцом нацысты ў 1942. На ягонай вычышчанай магіле стаіць новы, шасціканцовы крыж — такія тут пачалі ставіць толькі з 1990-х. Да таго ставілі чатырохканцовыя.

На Крытышынскіх могілках шмат магіл партызан і іх сямей.

Акрамя прасавецкіх партызан, у гэтых краях дзейнічала і шматлікае антысавецкае падполле. 

Фактычная грамадзянская вайна ў гэтых мясцінах пачалася пры немцах і працягвалася пасля іх адыходу, з 1944 да 1953. Антысавецкія партызаны абапіраліся на масавую падтрымку заможных гаспадароў. Арганізаванай сілай тут была Украінская паўстанцкая армія. Але іх магіл не знойдзеш: савецкія ўлады не дазвалялі ўшаноўваць пахаванні сваіх праціўнікаў.

Могілкі Крытышына прыгажэйшыя, лепш дагледжаныя, чым у суседніх Гнеўчычах. 

Крытышын. Тыповы стары крыж у цэнтры могілак, абвязаны сапраўдным ручніком.

Крытышын. Тыповы стары крыж у цэнтры могілак, абвязаны сапраўдным ручніком.

Ручнік характэрны для Кобрыня, Янова і Дарагічына: усе колеры разам.

Ручнік характэрны для Кобрыня, Янова і Дарагічына: усе колеры разам.

У Гнеўчычах дрэвы амаль усе чыста парэзалі — нават там, дзе магіл няма. Камусьці трэ было салярку «скарыстаць». А вось бур'яну на старых частках могілак — не прадзерціся.

Затое ў Гнеўчычах масава стаяць «сонцакрыжы» — чатырохканцовыя, а паміж канцамі яшчэ чатыры нібы пратуберанцы. Іх ставілі тут да 1990-х.

Гнеўчычы. «Сонцакрыжы» на могілках.

Гнеўчычы. «Сонцакрыжы» на могілках.

Пасля, мусіць, памерлі апошнія кавалі-майстры, што іх выраблялі. Дый праваслаўная царква навязвае «правільны» шасціканцовы, хоць і не мясцовы.

Яшчэ ў сярэдзіне ХХ стагоддзя тут на магілы клалі вялізныя дубовыя ці сасновыя калоды. У розных сёлах іх называлі «нарУбы», ці «прЫхарамы», ці «сталы». (Пра іх быў навуковы артыкул Свіцельскай).

Я сам бачыў іх у Гнеўчычах яшчэ ў 1983. Гэта быў перажытак старой славянскай традыцыі, магчыма, нейкага асобнага племені — яны фіксаваліся толькі ад Жабінкі да Турава, ад Пружанаў да паўночнай Валыні.

Цяпер у Гнеўчычах слядоў не засталося. Відаць, апошнія выцягнулі з могілак разам з парэзанымі дрэвамі. Эстэтычная глухата…

А на могілках Крытышына застаецца шмат знакаў іншай традыцыі: чатырохканцовыя драўляныя крыжы пад стрэшкай. Вось такія:

Крытышын. Чатырохканцовы крыж са стрэшкай.

Крытышын. Чатырохканцовы крыж са стрэшкай.

У маленькай вёсцы Башня яшчэ засталася старая фахверкавая (нямецкай сістэмы) хата, да якой у 1943 (дата нанесеная) была прыбудаваная клуня. 

І абнесеныя металапрофілем сядзібы новых дачнікаў. Нашто адгароджваюцца наглуха? Каб там можна было піць і ніхто не бачыў? Іншага тлумачэння ў галаву не прыходзіць.

Башня. Нуварышам краявідаў не трэба.

Башня. Нуварышам краявідаў не трэба.

Крытышын, Гнеўчычы, Башня — гэта колісь было Пінская зямля. Яна ішла да верхавін Піны. Далей была Берасцейшчына ўжо.

Як лічыць навуковец Фёдар Клімчук, мяжу Пінскай і Берасцейскай зямель Х—ХІІІ стагоддзяў дагэтуль можна прасачыць па лініі сакання / сякання ў гаворках. На ўсходзе Іванаўскага раёна «сакалі» (пытаюса, браўса), на захадзе — «сякалі» (пытаюся, браўся).

Ад Піны да Мухаўца ішоў волак на гандлёвым шляху. На пачатку яго на Піне, мусіць, на месцы гасцінага двара часоў «шляху з варагаў у грэкі», было сяло Радагошч («госць» = купец). З часам яно трансфармавалася ў Рагадошч. А сама Піна знікла — замест яе пракапалі Дняпроўска-Бугскі канал.

Над Дняпроўска-Бугскім каналам курганамі насыпаны пясок з прачысткі фарватэру. Гэта рабілася да 1990-х.

Цяпер дно, як тут робяць націск, «пузарОстало», няма дзе закінуць вудку. Канал змяльчэў, у ржавай, руднай вадзе плаваюць печкуры.

Цяжкае ўражанне робяць старыя каталіцкія могілкі каля Башні (на грудзе пры лесе, як ехаць з Башні на Кужалічын). Стары цвінтар амаль зусім закінуты, відаць толькі 4—5 крыжоў. З каталікоў да 1939 жылі тут пераважна асаднікі. Пасля 1945 іх не засталося. На могілках перасталі хаваць, перасталі і глядзець іх.

Побач хутар, яшчэ адносна дагледжаны.

У Гнеўчычах п’яныя хлопцы на мапедзе вітальна махаюць нашай немясцовай машыне рукамі.

У Крытышыне на цэнтральным праменадзе мужыкі п’юць гарэлку сярод расстаўленых да Дажынак упрыгожаных цюкоў саломы.

У цэлым вёскі пакідаюць гнятлівае ўражанне: адчуваецца, што ў людзей мала грошай і многа хто п'е.

Стары будынак у Гнеўчычах стаіць незапатрабаваны.

Стары будынак у Гнеўчычах стаіць незапатрабаваны.

Але палі абробленыя, дарогі нармальныя, і людзі ёсць. А значыць, ёсць і надзея.

На ўсёй Берасцейшчыне да Дажынак на палях выставілі кампазіцыі з цюкоў саломы.

На ўсёй Берасцейшчыне да Дажынак на палях выставілі кампазіцыі з цюкоў саломы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?