Фота: Іван Ярыванавіч, tut.by

Фота: Іван Ярыванавіч, tut.by

Апошні пад'езд, чацвёрты паверх, металічныя дзверы. За імі два дні таму адбылося непапраўнае. Цяпер там маці падазраванага. Перажыць гора ёй дапамагае верная сяброўка. Яна ж сустракае нас на парозе кватэры і вельмі просіць не здымаць.

— Вы разумееце, што цяпер у Вікі на душы? Яна і дзяўчынку гэтую любіла вельмі. А сын быў ёй адзінай апорай, а цяпер ёй такое. Ён жа рос на маіх вачах, — да гэтага часу не верыць у тое, што здарылася, жанчына.

Новыя шакавальныя падрабязнасці ўсплываюць адна за другой. Аказваецца, маці падазраванага ў забойстве дзяўчыны з'яўляецца галоўнай сведкай трагедыі — падчас крывавай бойні яна была ў суседнім пакоі. Жудасная драма разыгрывалася фактычна на яе вачах. Але жанчына амаль не ходзіць і не магла спыніць тое, што адбывалася.

Яна ж першая і патэлефанавала ў міліцыю. Аператыўнікі, якія прыбылі на месца, знайшлі ў кватэры змучанае цела 19-гадовай навучэнкі медыцынскага каледжа. Ад шматлікіх раненняў дзяўчына памерла на месцы.

Вядома, што Аляксандр працаваў будаўніком у прыватнай фірме, на балконе ў кватэры захоўваліся будаўнічыя інструменты, у тым ліку і сякера. Ёй ён і наносіў удары ахвяры.

Яшчэ адзін факт, які шакуе нават следчых. Пасля здзейсненага хлопец патэлефанаваў і расказаў, як усё адбывалася, яе маме, а таксама напісаў СМС дзвюм Насцевым сяброўкам.

— Ён прыслаў мне СМС, што Насці больш няма, — распавядае дзяўчына. Яна, як і ўсе іншыя, пакуль не можа зразумець, што магло адбыцца ў той вечар.

Кажуць, у пары здарыўся разлад. Насця вырашыла разарваць адносіны з Аляксандрам. У той вечар яна прыйшла да яго ў кватэру, каб забраць свае рэчы. Хлопец не хацеў расставацца. Распачалася сварка.

Аб пачуццях падазраванага можна меркаваць па яго шматлікіх статусах на старонцы ў сацыяльнай сетцы. Адзін з іх быў пакінуты 10 ліпеня: «Маё сэрца занята самай выдатнай дзяўчынай на свеце. Люблю цябе, Насцюша». У профілі падазраванага толькі пара адзіночных фота, астатнія — ён з Настай.

Фота з сацсетак

Фота з сацсетак

Кажуць, што маладыя людзі сябравалі ўжо шмат гадоў. Іх заўсёды бачылі разам. Гэтым летам пастаянна ездзілі на роварах.

— Прыязджалі разам ледзь не кожны дзень, тут каля пад'езду іх ставілі, на замочкі прымацоўвалі і ішлі да яго дадому, а потым — таксама разам назад, дружныя такія, — распавядае суседка Дар'я Захараўна. Пенсіянерка памятае Сашу яшчэ маленькім. Быў, успамінае, як усе нармальныя хлопцы. Заўсёды ветлы, заўсёды вітаўся.

Фота: Іван Ярыванавіч, tut.by

Фота: Іван Ярыванавіч, tut.by

Саша, якога яна ведала, а затым — міліцыя, хуткая, следчыя… Усё гэта ніяк не ўкладаецца ў галаве сталай жанчыны.

— Спачатку ўсе забегалі, затым чую — жанчына спускаецца па прыступках і міліцыянты за ёй, а яна крычыць: «Гэтага не можа быць, гэтага не можа быць!». Я чамусьці падумала, нешта з Вікай здарылася. Яна ж не хадзіла. Думала яшчэ, можа, упала. Мы павыскоквалі, пытаем у афіцэра: «Што здарылася?», а ён нам — «Прыйдзе час — даведаецеся». А гэта, аказваецца, мама гэтай дзяўчынкі забітай ужо сюды прыехала і крычала. Яна вельмі хутка пасля таго, што адбылося, прыехала.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?