Міністэрства аховы здароўя плануе адмяніць абавязковы агляд гінеколагам 12-гадовых дзяўчат, паведаміла 7 верасня на прэс-канферэнцыі ў Мінску начальнік аддзела медыцынскай дапамогі маці і дзецям міністэрства Людміла Лёгкая.

Яна нагадала, што абавязковы штогадовы агляд акушэрам-гінеколагам прадугледжаны для дзяўчат 3, 6, 12 гадоў, а таксама дзяўчат 15, 16 і 17 гадоў. «Агляд 12-гадовых дзяцей быў звязаны з іх палавым паспяваннем. Зараз распрацаваны праект пастановы Міністэрства аховы здароўя аб дыспансерызацыі, адным з пунктаў якога прадугледжваецца, што такога агляду не будзе. Дактары адзначаюць, што палавое паспяванне можа адбывацца і раней, і пазней. Таму ў гэты перыяд (12—14 гадоў) дзяўчат будуць аглядаць на падставе звароту бацькоў», — сказала Лёгкая.

Яна звярнула ўвагу, што не ўсе паталогіі можна выявіць пры наведванні педыятра, у тым ліку прыроджаныя асаблівасці і запаленчыя працэсы. Гінеколаг таксама ацэньвае гігіенічны догляд дзяўчынак і дае рэкамендацыі бацькам.

Як адзначыла Лёгкая, дзяцей можа аглядаць як дзіцячы доктар-гінеколаг, так і дарослы, які мае спецыяльную падрыхтоўку. Разам з тым дзяцей трэба псіхалагічна падрыхтаваць да прыёму гінеколага. «Дзяўчынцы-падлетку трэба растлумачыць, што яна будучая мама і гэты агляд не ўяўляе нічога страшнага, яго праходзяць усе жанчыны на працягу ўсяго жыцця», — адзначыла прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя.

Як паведамлялася раней, у Мінску арганізаваная праца кабінетаў дружалюбнага стаўлення да падлеткаў. У кожным кабінеце працуе акушэр-гінеколаг, які аказвае кваліфікаваную дапамогу дзяўчатам-падлеткам. Акрамя гэтага, працуюць педыятр і псіхолаг. У асноўным у кабінеты звяртаюцца са сваімі праблемамі дзяўчынкі. Найбольш частыя — жаданне перапыніць цяжарнасць. Падлеткі могуць звярнуцца ў любы кабінет незалежна ад месца жыхарства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?