«Я ўсхваляваная, гэта прыемная навіна, дзякуй усім, хто дапамагаў: ініцыятыўнай групе, давераным асобам, журналістам», — заявіла БелаПАН намеснік старшыні Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алена Анісім, якая, паводле папярэдніх дадзеных, выйграла выбары ў Палату прадстаўнікоў па Стаўбцоўскай выбарчай акрузе № 70.

«Калі сыходзіць з таго, як працавалі кандыдаты ў акрузе, то мая перамога заканамерная, але я не магла быць упэўненая на 100%, бо выбары — вельмі непрадказальны працэс. Людзі не заўсёды галасуюць за праграму», — адзначыла Анісім. Паводле слоў пераможніцы, яна шмат ездзіла па раёне і размаўляла з людзьмі.

У якасці дэпутата Анісім перш за ўсё зоймецца прасоўваннем закона аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы.

«Я ішла на выбары ад арганізацыі, якая распрацавала праект гэтага закона. Мы прапаноўвалі яго дэпутатам цяперашняга склікання, але не атрымалі падтрымкі. Вядома, буду шукаць у парламенце прыхільнікаў», — сказала суразмоўніца.

З членам Аб'яднанай грамадзянскай партыі Ганнай Канапацкай, якая таксама прайшла ў ПП НС, Анісім яшчэ не знаёмая. «Думаю, па некаторых пазіцыях у нас будзе адзіная думка», — выказала меркаванне яна.

На пытанне, ці не з'яўляецца яе праходжанне ў парламент плёнам перамоў паміж афіцыйным Мінскам і Захадам, Анісім заявіла: «Мне складана адказаць. Прадметна на гэтую тэму могуць гаварыць толькі кампетэнтныя асобы. Я такой інфармацыяй не валодаю».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?