Брытанец, які тры гады пражыў у Альпах у ролі казла, атрымаў Шнобелеўскую прэмію 2016 года ў галіне біялогіі. Том Туэйтс прыдумаў спецыяльныя пратэзы, каб перасоўвацца ў гарах на манер парнакапытных. 

Фота: Цім Боўдзіч, Бі-Бі-Сі.

Фота: Цім Боўдзіч, Бі-Бі-Сі.

Туэйтс пасвіў коз, хадзіў па-казлінаму і еў траву. Ён нават наладзіў сяброўскія адносіны з адным з мясцовых казлоў, а аднойчы цудам унікнуў сутычкі з іншымі самцамі.

Сваю прэмію брытанец падзяліў з суайчыннікам, Чарльзам Фостэрам, які ўвасабляўся ў ролю барсука, лісы і аленя.

Кампанія Volkswagen атрымала Шнобеля за вынаходства спосабу падманваць тэсты на ўтрыманне ў выхлапных газах вокісу азоту.

Прэмію ў галіне рэпрадукцыі далі егіпецкаму ўролагу Ахмеду Шафіку, які надзяваў на самцоў пацукоў штонікі, зробленыя цалкам з паліэстэру, паліэстэру з бавоўнай, з бавоўны і чыстай воўны. Такім чынам доктар вывучаў уплыў розных матэрыялаў на сэксуальнае жыццё грызуноў. Паліэстэр, як паказала даследаванне, зніжае палавую актыўнасць.

Прэмію ў галіне эканомікі далі Марку Авісу, прафесару з Новай Зеландыі. Ён вывучаў разам з калегамі, якімі чалавечымі якасцямі людзі надзяляюць розныя мінералы і горныя пароды. У раздзел эканомікі гэтая праца трапіла за тое, што даследаванне «характару камянёў» кідае выклік навуковай тэорыі пра надзяленне нейкімі чалавечымі якасцямі вядомых рынкавых брэндаў.

Іншыя Шнобелеўскія прэміі былі ўручаныя за даследаванні пра любоў стракозаў да чорных надмагільных плітаў, за літаратурны твор пра калекцыянаванне мёртвых і жывых мух і іншыя займальныя даследаванні.

Шнобелеўская прэмія ўручаецца ў Гарвардскім універсітэце ўжо 26 гадоў. Яе даюць за кур’ёзныя даследаванні і адкрыцці, якія «спачатку выклікаюць усмешку, але потым прымушаюць задумацца».

З беларусаў прэмію атрымліваў Аляксандр Лукашэнка — за забарону апладзіраваць на вуліцах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?