Цёплае надвор'е з кароткачасовымі дажджамі чакаецца ў Беларусі ў выходныя, паведаміла галоўны сіноптык Святлана Рыбакова.

«Верасень развітаецца з намі цёплым надвор'ем. (…) На змену халоднаму паветру паўночных шырот прыйдзе цёплая паветраная маса з Заходняй Еўропы», — распавяла сіноптык.

У пятніцу па паўночнай частцы краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Ноччу і раніцай месцамі згусціцца слабы туман. Вецер чакаецца паўднёва-заходні ўмераны, днём парывісты, у асобных раёнах Віцебскай вобласці парывы могуць дасягаць 15—18 м/с. Тэмпература паветра ўначы складзе ад 8 да 14 градусаў, у дзённыя гадзіны паветра прагрэецца да 17—23 градусаў.

У гэтыя выходныя нас чакае цёплае надвор'е.

На тэрыторыю Беларусі працягне паступаць цёплае вільготнае паветра з Заходняй Еўропы. У суботу і нядзелю месцамі пройдуць кароткачасовыя дажджы. Ноччу і раніцай у асобных раёнах чакаецца туман. Тэмпература паветра ўначы будзе знаходзіцца ў межах 8—14 градусаў, днём складзе ад 16 да 23, месцамі па Гомельскай і Брэсцкай абласцях паветра прагрэецца да 25 градусаў.

Аднак пацяпленне будзе непрацяглым, на наступным тыдні зноў пахаладае.

«У пачатку тыдня тэрыторыя Беларусі апынецца пад уплывам актыўных атмасферных франтоў з Заходняй Еўропы, якія выцясняць цяпло за межы краіны», - адзначыла Святлана Рыбакова.

3 і 4 кастрычніка на большай частцы тэрыторыі чакаюцца кароткачасовыя дажджы. Тэмпература паветра ў панядзелак складзе ад 8 да 14 градусаў, днём — ад 14 да 19, а па паўднёвым усходзе краіны паветра паспее прагрэцца да 20-23 градусаў.

У аўторак стане халадней: тэмпература панізіцца да 5—12 градусаў, а днём складзе ад 10 да 17 цяпла.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?