Згодна са звесткамі мытнай статыстыкі, за дзевяць месяцаў Беларусь экспартавала прыкладна 11 млн тон нафтапрадуктаў (за аналагічны перыяд 2015 года — амаль 12,6 млн тон). У грашовым выражэнні экспарт нафтапрадуктаў склаў 3,26 млрд долараў супраць 5,2 млрд — за дзевяць месяцаў мінулага года.

Такім чынам, у сувязі са скарачэннем фізічных паставак і з-за змяншэння сусветных цэн на нафту, экспарт беларускіх нафтапрадуктаў у грашовым выражэнні знізіўся ў студзені—верасні на 38%.

Пры гэтым варта адзначыць, што сёлета Беларусь павялічыла пастаўкі нафтапрадуктаў у Польшчу (у 5,2 разу), Нідэрланды (у 2,4), ва Украіну (у паўтара разу).

У Расію ў студзені— верасні было пастаўлена прыблізна 250 тыс. беларускіх нафтапрадуктаў, што ў тры разы менш у параўнанні з такім жа перыядам мінулага года.

Скарачэнне паставак нафтапрадуктаў у расійскім напрамку беларускі бок тлумачыў тым, што іх экспарт у Расію нявыгадны.

У сваю чаргу Расія, спасылаючыся на скарачэнне паставак беларускіх нафтапрадуктаў на ўнутраны рынак, а таксама на запазычанасць Беларусі за газ, рэзка скараціла пастаўкі нафты на Мазырскі НПЗ і Наваполацкі НПЗ у другой палове гэтага года.

Так, у трэцім квартале Расія паставіла ў Беларусь толькі за 3,5 млн тон нафты супраць 5,8 млн тон у першым квартале і 5,7 млн — у другім.

У кастрычніку беларускі ўрад аб'явіў, што пагасіць запазычанасць за расійскі газ і ў адказ чакае аднаўлення паставак расійскай нафты ў ранейшых аб'ёмах. Аднак пакуль гэтага не адбылося, і Расія працягвае пастаўляць нафту на беларускія НПЗ у абмежаваным аб'ёме.

Згодна з ацэнкамі эканамістаў, скарачэнне паставак расійскай нафты наўпрост уплывае на паказчыкі беларускай эканомікі. Міжнародны валютны фонд чакае, што ВУП Беларусі паводле вынікаў 2016 года скароціцца на 3%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?