Жыхары Паўночнага пасёлка — мікрараёна ў Заводскім раёне Мінска — пішуць абураныя лісты ва ўсе магчымыя інстанцыі: Камітэт дзяржкантролю, гарвыканкам, Савет дэпутатаў… Людзі пратэстуюць супраць зносу сваіх дамоў.

Паўночны пасёлак. Фота - Вольга Шукайла.

Паўночны пасёлак. Фота - Вольга Шукайла.

Па-першае, жыхары пасёлка патрабуюць, каб адмянілі вынікі грамадскага абмеркавання праекта забудовы ўчастка, на якім сёння стаіць іх жыллё.

«Ніхто з жыхароў не ведаў пра тое абмеркаванне. Як такое можа быць?», — здзіўляецца Таццяна, адна з уласнікаў дамоў у Паўночным пасёлку.

Па-другое, людзі банальна не хочуць з’язджаць і мяняць свае дамы на кватэры.

«Раней, у 2010 годзе нас таксама хацелі знесці. Але па выніках праведзеных адміністрацыяй Заводскага раёна ў пачатку 2011 года сустрэч з жыхарамі Паўночнага пасёлка, па даручэнні камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама распрацоўшчыкам праекта УП «Мінскграда» быў праведзены паўторны град-эканамічны аналіз рэканструкцыі названай тэрыторыі, — распавядае Таццяна. — І ў адпаведнасці з ім большасць дамоў вырашылі захаваць.

Паводле інфармацыі адміністрацыі Заводскага раёна з улікам вынікаў дадзенага град-эканамічнага аналізу былі ўнесены адпаведныя змены ў горадабудаўнічы праект.

І вось, праз пяць гадоў уносяцца змяненні ў гэты горадабудаўнічы праект, у адпаведнасці з якім нашы хаты зноў плануюцца да зносу».

Адна з вуліц у Паўночным пасёлку. Фота - Вольга Шукайла

Адна з вуліц у Паўночным пасёлку. Фота - Вольга Шукайла

Пад адкрытым лістом падпісаліся пакуль што 140 жыхароў Паўночнага пасёлка.

«Артыкул 44 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь абвяшчае: «Дзяржава гарантуе кожнаму права ўласнасці …, недатыкальнасць уласнасці, права яе атрымання ў спадчыну ахоўваецца законам».

У сваіх выступах прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Лукашэнка А.Р. выказвае патрабаванне, што зносу падлягаюць старыя дамы. Дамы на Паўночным пасёлку дыхтоўныя. За ўласныя зберажэнні жыхары правялі газ, ваду, каналізацыю, стварыўшы тым самым спрыяльныя ўмовы для пражывання. Будучы ў зоне захавання, у тым ліку па генеральным плане г. Мінска 2003 г., многія дамы на Паўночным пасёлку былі рэканструяваны і рэканструююцца ў цяперашні час з дазволу раённых уладаў, на што затрачаны грамадзянамі велізарныя матэрыяльныя сродкі, — гаворыцца ў лісце.

Мы не згодныя, каб нашы хаты зносіліся. Замена аднаго жылога фонду на іншы жылы фонд не можа служыць важкай акалічнасцю для зносу капітальных, добраўпарадкаваных жылых дамоў.

У адпаведнасці з артыкулам 2 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь рашэння ў дзяржаве павінны прымацца ў інтарэсах грамадзян. Гэтак жа, артыкул 1.2 Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27.12.2006 №2 загадвае у выпадку рознагалоссяў прымаць рашэнні на карысць грамадзян. Парушэнне правоў людзей выклікае масавае незадаволенасць грамадзян, што гэтак жа не ў інтарэсах дзяржавы».

А раніцай 2 лістапада дэлегацыя ад жыхароў наведала Аляксандра Дараховіча, кіраўніка адміністрацыі Заводскага раёна Мінска. Па словах Таццяны, чыноўнік паведаміў людзям, што і сам ён на грамадскім абмеркаванні не прысутнічаў.

«Я спытала — дык а вы ж павінны былі падпісаць пратакол абмеркавання! Не, кажа ён, я не ў курсе», - распавядае Таццяна.

Чыноўнік паабяцаў, што будзе разбірацца. У яго папрасілі паказаць пратакол грамадскага абмеркавання, каб глянуць, колькі людзей там было і ці прысутнічаў прадстаўнік Паўночнага пасёлка. Ім нічога не паказалі.

Тым часам людзі рассылаюць сваю скаргу па СМІ і дзяржустановах.

«У 2013 годзе нам далі дазвол будавацца. Мы ўклалі грошы, сілы ў свае дамы — і тут раптам, праз нейкія чуткі да нас даходзіць навіна, што дамы знясуць. Хіба гэта нармальна? — абураецца Таццяна. — Я не ўпэўненая, што гэтыя ўкладзеныя грошы нам кампенсуюць, гэта па-першае. А па-другое, мой дом — мая маленькая Радзіма. Мае бацькі той дом будавалі. Тут прырода, дрэвы… Я не хачу пераязджаць у каменны мех. Але атрымліваецца так, што камусьці жыллёвыя ўмовы паляпшаюць, а нам пагаршаюць?».

Адзін з дамоў у Паўночным пасёлку. Фота - Вольга Шукайла 

Адзін з дамоў у Паўночным пасёлку. Фота - Вольга Шукайла 

Такім чынам, Таццяна з астатнімі жыхарамі Паўночнага пасёлка патрабуюць прызнаць несапраўдным грамадскае абмеркаванне горадабудаўнічага праекта, праведзенае адміністрацыяй Заводскага раёна з 26 верасня па 20 кастрычніка гэтага года, выключыць знос сядзібных жылых дамоў пад шматпавярховую, шматкватэрную забудову, унесці адпаведныя змяненні ў горадабудаўнічы праект і правесці грамадскае абмеркаванне горадабудаўнічага праекта з унесенымі зменамі ва ўстаноўленым дзеючым заканадаўствам парадку.

Марына Піваварчык, галоўны архітэктар Заводскага раёна, пракаментавала сітуацыю з боку горада.

«Што тычыцца абмеркавання, то ўсё было згодна з заканадаўствам. Размясцілі аб’яву ў газеце «Мінскі кур’ер» за дзесяць дзён да пачатку. Развесілі аб’явы на раёне… Канечне, у кожны дом мы не маглі кінуць абвестку ў паштовую скрыню, але ж інфармацыя была і на сайце адміністрацыі Заводскага раёна, - кажа Піваварчык. — У ДК МАЗ 15 дзён стаялі планшэты з інфармацыяй, быў журнал для запісу заўваг і прапаноў. А пасля яшчэ цягам 10 дзён можна было дасылаць лісты і прапановы ў электронным выглядзе. То бок людзі не сочаць за інфармацыяй. Паўночны пасёлак вялікая тэрыторыя — кожнага персанальна абвесціць мы не можам».

Па словах Піваварчык, ў Паўночным пасёлку плануюць знесці каля 90 дамоў і сядзібаў «невялікімі плямамі» па ўсім раёне. Астатняе застанецца. На месцы таго, што знясуць пабудуюць шматпавярховікі.

Такая «раптоўная» забудова насамрэч звычайны шараговы працэс, тлумачыць архітэктарка.

«Кожныя 5 гадоў планы абнаўляюцца: распрацоўваюцца новыя горадабудаўнічыя пашпарты, шукаюцца новыя інвестпляцоўкі для горада», — кажа яна.

Але ж разлічваць, што атрымаецца захаваць сваё жыллё жыхары Паўночнага пасёлка могуць толькі ў адным выпадку.

«Прайшло грамадскае абмеркаванне, падпісаны пратакол. Далей будзе ўзгадненне. Але ж калі не знойдзецца інвестар для забудовы, то ніхто тыя дамы не знясе. Можа інвестар увогуле вырашыць, што на тым участку будаваць яму не выгадна — і будуць тыя дамы стаяць, як і стаялі», - тлумачыць Марына Піваварчык.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?