17 лістапада Аляксандр Лукашэнка адправіў у адстаўку першага намесніка міністра ўнутраных справаў, начальніка крымінальнай міліцыі Валянціна Міхневіча.

Валянцін Міхневіч. Фота sputnik.by.

Валянцін Міхневіч. Фота sputnik.by.

У прынцыпе, нічога незвычайнага ў гэтай адстаўцы няма, бо ў верасні Міхневіч быў абраны дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Гэтак сама пасад былі пазбаўленыя міністр працы і сацыяльнай абароны Марыянна Шчоткіна, пасол Беларусі ў Аўстрыі Валерыі Варанецкі, кіраўнік інстытута нацыянальнай бяспекі Іван Корж і некаторыя іншыя.

Усе яны былі звольненыя паводле пункта 4 часткі другой артыкула 35 Працоўнага кодэкса — «у сувязі з пераходам на выбарную пасаду». Валянціна Міхневіча ж звольнілі зусім з іншай фармулёўкай — «у сувязі з хваробай».

Ужо на першай сесіі Палаты прадстаўнікоў Валянцін Міхневіч быў абраны кіраўніком пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы.

Ці не перашкодзіць хвароба працы былога сілавіка ў палаце прадстаўнікоў? Кіраўнік прэс-службы Нацыянальнага сходу Кірыл Праяненкаў паведаміў «НН», што не мае ніякіх звестак адносна стану здароўя спадара Міхневіча. «Ніякай інфармацыі не паступала, што Міхневіч не зможа выконваць сваіх абавязкаў», — сказаў Праяненкаў.

Валянцін Міхневіч нарадзіўся ў 1966 годзе ў Мінску. Скончыў Ташкенцкую вышэйшую школу МУС СССР, генерал-маёр міліцыі. У органах МУС служыў 27 гадоў. Узначальваў міліцыю Гродзенскага аблвыканкама. Апошнія 4 гады з’яўляўся першым намеснікам міністра ўнутраных справаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?