Міравое пагадненне было падпісана на агульным сходзе крэдытораў і накіравана ў эканамічны суд Брэсцкай вобласці, дзе дакумент быў зацверджаны.

«Міравое пагадненне прадугледжвае растэрміноўку пагашэння запазычанасці на працяглы перыяд. У той жа час гэта не выключае магчымасці прыцягнення да субсідыярнай адказнасці заснавальнікаў таварыства, у тым ліку замежных, па даўгах прадпрыемства», — патлумачыў кіраўнік.

Па рашэнні крэдытораў, ён працягне выконваць свае абавязкі да поўнай рэалізацыі міравога пагаднення. Па словах Дзяніса Плецянёва, ад 10 студзеня на фабрыцы пачнецца планавы запуск вытворчасці. Працэс зойме каля месяца.

«Лінія стаяла амаль год. Каб прадпрыемства запрацавала на поўную моц, трэба шмат чаго зрабіць: прывесці ў парадак абсталяванне, набраць людзей», — распавёў суразмоўца.

Што тычыцца любімага многімі шакаладу пад гандлёвай маркай «Ідэал», то ў лютым ён павінен зноў з'явіцца на паліцах крам. Як адзначыў Дзяніс Плецянёў, пазіцыя асноўнага ўласніка «Першай шакаладнай кампаніі» заключаецца ў тым, каб прадукцыя захавала сваю высокую якасць на аснове выключна натуральных інгрэдыентаў.

Плануецца, што спачатку аб'ём месячнай вытворчасці складзе 60-80 т гатовай прадукцыі.

СТАА «Першая шакаладная кампанія» было зарэгістравана ў якасці рэзідэнта свабоднай эканамічнай зоны «Брэст» у 1997 годзе. Дзейнасць прадпрыемства была спыненая праз даўгі па энергарэсурсах. У чэрвені 2016 года эканамічны суд Брэсцкай вобласці распачаў у дачыненні да СТАА справу аб банкруцтве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0