Літва вітае рашэнне Беларусі аб увядзенні пяцідзённага бязвізавага рэжыму для грамадзян 80 дзяржаў праз аэрапорт «Мінск», але чакае адказу з нагоды рэжыму перамяшчэння жыхароў памежжа. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус у каментары lrytas.tv.

Па словах міністра, такі парадак ўезду — толькі праз Нацыянальны аэрапорт «Мінск» не надта актуальны літоўцам, бо ў Беларусь яны часцей падарожнічаюць наземным, а не паветраным транспартам.

«Вядома, гэта крок да адкрытасці, але тут я б хацеў нагадаць, што мы яшчэ з 2010 года абмяркоўваем так званае пагадненне аб малым памежным руху, якое б істотна спрасціла паездкі для жыхароў памежжа па абодва бакі мяжы», — заявіў Лінкявічус.

«У гэтым пытанні мы ўсё яшчэ не атрымалі адказу ад Беларусі. Нашы людзі не так часта карыстаюцца аэрапортам, ім усё ж актуальней перамяшчэнне наземным транспартам», - дадаў ён.

Нагадаем, малы памежны рух хочуць ўвесці для жыхароў 30-50 кіламетровай прымежнай зоны для спрошчанага перасячэння мяжы. Пакуль пагадненне дзейнічае толькі на мяжы Беларусі і Латвіі. Пытанне аб малым памежным руху з Польшчай і Літвой пакуль застаецца на парадку дня.

9 студзеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб бязвізавым парадку ўезду ў краіну на тэрмін не больш за 5 сутак пры ўездзе праз пункт пропуску «Нацыянальны аэрапорт Мінск» для грамадзян 80 дзяржаў, у тым ліку і грамадзян ЕС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?