Дэпартамент сацыяльных і палітычных навук Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) у супрацоўніцтве з Фондам Конрада Адэнаўэра пачаў ажыццяўляць праект па выданні малавядомых і маладаступных у Беларусі крытычных паліталагічных даследаванняў нядаўніх выпускнікоў паліталагічных праграм ЕГУ.

Першы зборнік прац маладых палітолагаў і паліталагіняў, якія навучаліся ў ЕГУ на праграме «Паліталогія і еўрапейскія даследаванні», ахоплівае такія сферы, як палітычная сацыялогія, палітычная культура і гендарная паліталогія. Пры гэтым усе даследаванні тычацца Беларусі, і ў гэтым галоўная скіраванасць тэкстаў і зборніка — аналіз малавядомых тэм палітычнага ва ўмовах Беларусі. Гэтым зборнікам ЕГУ падкрэслівае яшчэ раз накіраванасць палітычнай навукі, што развіваецца ў межах універсітэта, пераважна на беларускую тэму. Такім чынам, мэтай зборніка з’яўляецца папулярызацыя паліталагічных даследаванняў аб Беларусі і адначасова дэмаргіналізацыя беларускай незалежнай палітычнай навукі.

У першым зборніку прадстаўленыя працы Аляксандра Герасіменкі («Палітычны ўдзел і інтэрнэт-платформы: як новыя камунікацыйныя тэхналогіі дапамагаюць беларускім грамадскім актывістам»), Таццяны Шапуцька («Палітычная міфатворчасць у Беларусі ў перыяд 1994—2010 гг.: дыскурс кіруючай эліты»), Вольгі Гайдук («Палітычныя святы як спосаб фармірвання ўяўленняў аб нацыі і дзяржаве ў Беларусі, 1996—2014 гг.»), Дар’і Масланавай («Грамадзянская і палітычная актыўнасць беларускіх студэнтаў: аналіз на прыкладзе студэнтаў ЕГУ») і Ганны Марціновіч («Параўнальны аналіз узроўню гендарнай роўнасці Францыі, Літвы і Беларусі»).

Анлайн-версія зборніка даступна для чытачоў па-беларуску і па-англійску.

ЕГУ і Фонд Конрада Адэнаўэра разлічваюць на тое, што дадзены зборнік стане рэгулярным і будзе пастаянна знаёміць чытача з навінкамі паліталагічнай думкі Беларусі і палітычнага аналізу. У гэтым супадаюць жаданнні ЕГУ і Фонда Конрада Адэнаўэра наблізіць даследчую частку да практычнай і паспрыяць кансалідацыі і дэмакратызацыі Беларусі праз навуковы, інтэлектуальны, адкрыты да дэбатаў і роздуму канал.

Зборнік прызначаны перадусім для еўрапейскіх і беларускіх палітыкаў, актывістаў, палітолагаў, а таксама для ўсіх тых, хто цікавіцца альтэрнатыўнай ведай аб Беларусі.

Па словах кіраўніка беларускага аддзялення Фонда Конрада Адэнаўэра д-ра Вольфганга Зэндэра: «Пасля нядаўніх палітычных працэсаў у Беларусі і вакол яе, краіна патрапляе ўсё больш у прастору ўвагі еўрапейскай палітыкі. Дадзеная публікацыя дазваляе нам павысіць даступнасць аналітычных справаздачаў, якія прапануюць аб’ектыўныя і актуальныя вынікі даследванняў для экспертаў, вучоных і палітыкаў. Мы ганарымся ўдзелам у гэтай новай форме супрацоўніцтва з ЕГУ».

Пачынаючы з афіцыйнага аднаўлення працы ў Вільні ў 2006 годзе, ўніверсітэт скончылі 192 бакалаўра і магістра паліталогіі. На сённяшні дзень ЕГУ ажыццяўляе навучанне па наступных паліталагічных праграмах:

  • Бакалаўрская праграма двайнога дыплома «Сусветная палітыка і эканоміка» (рэалізуецца ў супрацоўніцтве з Універсітэтам Вітаўта Вялікага ў Коўне);
  • Магістарская праграма «Публічная палітыка».

Па ўсіх пытаннях, якія датычацца зборніка, просім звяртацца да кіраўніка Акадэмічнага дэпартамента сацыяльных і палітычных навук дац. Андрэя Сцяпанава па эл. пошце andrei.stsiapanau @ ehu.lt.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0