Экс-кіраўнік Нацбанка Надзея Ермакова зноў спрабуе здаць у арэнду катэдж на Смарагдавым завулку ў Драздах. Праўда, праз крызіс яе апетыты паменшалі.
Паўтара года таму Ермакова скінула цану з $7500 да $6000. Цяпер жа гатовая здаць элітную нерухомасць за $4500.
Нагадаем, гэты ўчастак памерам 15 сотак быў выдзелены Надзеі Ермаковай яшчэ ў сярэдзіне 2000-х. Пазней гэты дом быў перапісаны на старэйшую дачку Наталлю Чэпікаву.
Сама Ермакова пасля атрымала яшчэ адзін участак, на першай берагавой лініі ў «Драздах-2».
А стары дом спрабуе здаць, пакуль што марна.
Што ўяўляе з сябе катэдж Ермаковай?
На 15 сотках у гаспадароў гэтага дома знаходзіцца невялікі ставок з прэснай вадой з дарожкай, брукаванай каменем, зона для барбекю з печчу-камінам і ляжанкай.
Побач з зонай для адпачынку разбіты агарод з высокімі парасонамі кропу і іншай зелянінай, якую цяперашнія гаспадынькі вырошчваюць, «каб да стала была свая зеляніна». Тут жа пасаджаны малады фруктовы садок.
У аб'яве ўказана, што катэдж двухузроўневы, плошчай 336 квадратных метраў. Адзін з шасці пакояў адведзены пад гасцёўню з камінам і канапавай зонай.
Над тэлевізарам на паліцы стаіць вясельнае фота адной з дачок, акуратна расстаўленая калекцыя лялек — такіх параўнальна нядаўна прадавалі ў шапіках «Белсаюздруку». Трохі вышэй стаяць фігуркі сланоў і вярблюдаў.
На сцяне, там, дзе ў дзяржструктурах звычайна вешаюць іншы партрэт, тут, дома — здымак Мэрылін Манро.
Мяркуючы па акне ў столі, спальня знаходзіцца на другім паверсе. Тут усё сціпла.
Як мяркуецца, на другім паверсе знаходзяцца і два дзіцячыя пакоі.





