30 студзеня ў Мінскі гарвыканкам пададзеная заяўка на правядзенне 15 сакавіка «Маршу недармаедаў» супраць дэкрэта прэзідэнта № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства».

Пра гэта БелаПАН паведаміў адзін з заяўнікаў акцыі, адказны сакратар аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Дзяніс Садоўскі.

Свае подпісы пад заявай у гарвыканкам таксама паставілі старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ірына Вештард, намеснік старшыні Беларускай партыі «Зялёныя» Дзмітрый Кучук і актывіст Аб'яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Лабудоў.

Арганізатары акцыі просяць дазволіць шэсце ад будынка Нацыянальнай акадэміі навук да плошчы Бангалор.

«Фармат акцыі прадугледжвае, што гэта будзе шэсце не для апазіцыі, а для новых людзей, якія не задаволеныя ўказам і якія ўжо цяпер гатовыя адстойваць свае правы. Плануецца, што акцыя будзе дазволеная, і ў ёй возьмуць удзел максімальнай колькасці людзей», — сказаў Садоўскі.

Паводле яго слоў, марш пройдзе «пад лозунгамі адмовы ад выплаты падатку на «дармаедства» як неканстытуцыйнага і абароны сваіх правоў».

У аргкамітэт «Маршу недармаедаў» уваходзяць Беларуская партыя левых «Справядлівы свет», АГП, рух «За Свабоду», аргкамітэты па стварэнні БХД, Партыі працоўных і партыі «Надзея», БСДП (Грамада), Беларуская партыя «Зялёныя» і грамадзянская кампанія «Наш дом».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0