Польшча і ЗША падпісалі папярэдняе пагадненьне аб разьмяшчэньні сыстэмы ПРА. Эстонія атрымала пускавыя ўстаноўкі францускай сыстэмы СПА. Украіна ўводзіць абмежаваньні для дзейнасьці Чарнаморскага флоту.

Пасьля першага шоку, выкліканага ўжыцьцём Расеяй ваеннай сілы на тэрыторыі сувэрэннай дзяржавы, краіны эўраатлянтычнай супольнасьці перайшлі ад словаў да канкрэтных дзеяньняў.

Уранку ў Тбілісі прыбыў першы вайскова-транспартны самалёт ЗША з грузам дапамогі. Папярэдне ЗША дапамаглі ў аднаўленьні радараў, разбомбленых расейскай авіяцыяй.

А ўвечары стала вядома, што ў Грузію прыбыла група эстонскіх ахвотнікаў. Як было заяўлена, яны гатовыя ўзяць удзел у абароне сувэрэнітэту краіны.

Эстонскі баявы аддзел будзе насіць грузінскую вайсковую форму.

У Тбілісі мае прыбыць дзяржсакратарка ЗША Кандаліза Райс. Па дарозе яна сустрэлася з прэзыдэнтам Францыі Нікаля Сарказі, а адразу пасьля перамоваў скіруецца ў Кроўфард, Тэхас, дзе на ранча Буша адбудзецца надзвычайнае паседжаньне Рады нацыянальнай бясьпекі ЗША па пытаньні сытуацыі вакол Грузіі.

У суботу ў Тбілісі прыляціць Ангела Мэркель.

Пасьля паседжаньня Рады бясьпекі Арменіі стала вядома, што краіна часова ўвядзе бязьвізавы рэжым для транзыту грамадзянаў краінаў Эўрасаюзу. Гэта крытычна важна ва ўмовах блякады марскіх і паветраных зносінаў Грузіі. Найбліжэйшым дзейным аэрапортам аказваецца эрэванскі Звартноц.

Сёньня ж Польшча і ЗША падпісалі пагадненьне па супрацьпаветранай абароне. «Яно ўлучае гарантыі ваеннае супрацы з боку ЗША у выпадку нападу на Польшчу трэцяй краіны», — заяўляюць крыніцы ў польскім урадзе. У прыватнасьці, Польшча атрымае 96 проціракетаў «Пэтрыёт».

Так супала, што сёньня ж у Эстонію прыбыла першая чарга сыстэмы супрацьпаветранай абароны Mistral. Француская сыстэма складаецца з радараў Giraffe AMB, пунктаў кіраваньня, ракетных установак, ракетаў Mistral. Дакладны кошт угоды засакрэчаны, але гаворка ідзе пра сотні мільёнаў даляраў.

Крайнюю занепакоенасьць разьвіцьцём падзеяў на Каўказе выказвае Ўкраіна. Прэзыдэнт краіны Віктар Юшчанка выдаў указ, згодна зь якім караблі Чарнаморскага флоту Расеі, што базуюцца ў Севастопалі, маюць права пакідаць базу толькі паставіўшы ўкраінскія Ўзброеныя сілы ў вядомасьць пра гэта за тры дні. Прадстаўнікі Расеі заявілі, што ня будуць выконваць такое нормы. У сваю чаргу начальнік Генштабу ўкраінскае арміі заявіў, што Ўзброеныя сілы краіны гатовыя забясьпечыць выкананьне ўказу прэзыдэнта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?