Віленскі акруговы суд прыгаварыў расіяніна Мікалая Філіпчанку да 10 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачванні ў шпіянажы. Улады Літвы сцвярджаюць, што Філіпчанка быў дзеючым супрацоўнікам расійскіх спецслужбаў.

Паводле інфармацыі дэпартамента дзяржбяспекі Літвы, гэта першы выпадак, калі ў краіне па абвінавачванні ў шпіянажы быў затрыманы супрацоўнік ФСБ.

Згодна з матэрыяламі суда, Філіпчанка спрабаваў завербаваць служачых дэпартамента дзяржбяспекі краіны, каб тыя ўстанавілі прылады дзеля праслухоўвання ў рэзідэнцыі і працоўным кабінеце прэзідэнта рэспублікі Далі Грыбаўскайце.

Па сцвярджэнні праваахоўных органаў Літвы, Філіпчанка выкарыстаў падробленыя дакументы і неаднаразова нелегальна перасякаў мяжу краіны.

Як заявіла суддзя Рэгіна Поцене, расіянін адмовіўся даваць паказанні па справе. Ён таксама не стаў адказваць на пытанні журналістаў, калі яго пад аховай выводзілі з залы суда.

Па словах адваката Філіпчанка Галіны Карданоўскай, яе падабаронны віну не прызнае.

Прысуд можа быць абскарджаны ў Літоўскім апеляцыйным судзе на працягу 20 дзён.

Філіпчанка быў затрыманы на тэрыторыі Літвы ў 2015 годзе, калі ішоў транзітным цягніком з Калінінградскай вобласці ў Беларусь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?