Гульцы «Атлетыка» з Більбаа ў поўным складзе пастрыгліся нагала — так яны падтрымалі свайго аднаклубніка, цэнтральнага абаронцу Ерая Альварэса, у якога здарыўся рэцыдыў раку пасля непрацяглай рэмісіі.

У снежні 2016 года ў Ерая дыягнаставалі рак яечкаў, і яму тэрмінова зрабілі аперацыю. У канцы студзеня ён ужо быў у заяўцы на матч супраць «Спортынга». У наступным туры - на «Камп Ноу» супраць «Барселоны» - Ерай правёў 90 хвілін і пасля гэтага адыграў без замен 16 матчаў. «Атлетык» заняў сёмае месца і прабіўся ў кваліфікацыю Лігі Еўропы

Але ў чэрвені 2017 года яму зноў стала дрэнна. Ерай знаходзіўся на зборы з маладзёжнай зборнай Іспаніі і рыхтаваўся да Еўра, калі падчас медыцынскага агляду ў яго выявілі рэцыдыў. Цяпер яму патрабуецца курс хіміятэрапіі, пасля якога ён будзе аднаўляцца некалькі месяцаў.

Кіраўнік медыцынскай службы «Атлетыка» назваў фізічны і маральны стан Ерая «вельмі добрым» і сказаў, што гулец вернецца на поле ў верасні. Сёння Альварэс напісаў:

- Калі здаецца, што цябе прыбілі, уставай і вяртайся. Але будзь спакойны, бо ты выйграеш гэтую бітву разам з людзьмі, якія цябе падтрымліваюць. І калі мне зноў давядзецца змагацца, я падымуся і буду рабіць так тысячу разоў.

На фатаграфіі разам з аднаклубнікамі Ерай стаіць па цэнтры, а ў сябе ў інстаграме ён назваў іх «шалёнай сям'ёй».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?