Ад моста ў Вялым на сёння засталося некалькі тросаў. Фота НД.

Ад моста ў Вялым на сёння засталося некалькі тросаў. Фота НД.

Да гэтага часу не ўсе ведаюць, што ў Беларусі ёсць падвесныя масты,

і не адзін, а нават, па самых сціплых падліках, каля 16. Некаторыя з іх былі пабудаваныя ў савецкія часы, адзінкі ж захаваліся з ХІХ стагоддзя.

Такой вось даўняй экзотыкай з’яўляўся мост каля вёскі Рудня, што ў Валожынскім раёне. Перакінуты праз Іслач, ён спецыяльна будаваўся, каб было зручна трапляць у графскую дуброву.

Зусім побач з ім знаходзіцца зруйнаваная сядзіба Вялае, уладальнікам якой у свой час быў Бенядзікт Тышкевіч. Тут жа размяшчаюцца дадатковыя дэкарацыі для фільма жахаў — будынак пустога санаторыя «Лясное», які пакінулі пасля забруджвання тэрыторыі радыяцыяй пасля аварыі на ЧАЭС.

Мост цераз Іслач час ад часу разбураўся, але яго заўсёды аднаўлялі: гуляць у тых мясцінах любілі турысты і вандроўнікі-блогеры. Аднак вось ужо чацвёрты год запар да аб’екта нікому няма справы.

Фоты Андрэя Дыбоўскага і НД.

Фоты Андрэя Дыбоўскага і НД.

У мясцовым сельсавеце кажуць, што не маюць да той тэрыторыі ніякага дачынення.

У Валожынскім райвыканкаме ўвогуле не ведаюць, што на іх землях існуе такі мост. Што і гаварыць, калі для некаторых супрацоўнікаў райвыканкама нават знаходжанне ў раёне руін сядзібы стала адкрыццём падчас нашай з імі размовы.

Але тут не пра адсутнасць гістарычнай адукацыі і памяці. Афіцыйна мост праз Іслач належыць Рэспубліканскаму ландшафтнаму заказніку «Налібоцкі», бо знаходзіцца ў межах яго тэрыторыі. Менавіта там мы і спыталі, ці плануецца яго чарговае аднаўленне.

«На мінулым тыдні нашы супрацоўнікі якраз пад'язджалі ацэньваць маштабы сапсаванасці. Так, мост трэба аднаўляць, аднак гэта патрабуе вялікіх грошаў. Нават калі рабіць гэта на энтузіязме, на матэрыялы прыйдзецца аддаць не менш за 5 тысяч рублёў.

А калі весці гаворку пра праект, каштарыс — гэта ўжо на 500 тысяч можа пацягнуць. Раней, калі там трэба было проста новы насціл пакласці, яшчэ можна было дагаварыцца з леснікамі. Цяпер, калі самыя дарагія дэталі расцягалі зборшчыкі металалому, рамантаваць куды больш складана. У нас жа пакуль іншых задач хапае: эка-, вела- і маршруты для байдарачнікаў, стварэнне турыстычнай інфраструктуры. Трэба тое ж Вялае ўладкаваць, каб людзі, праплываючы на байдарках, маглі там спыняцца…

Давайце будзем шчырымі: каму гэты мост, па вялікім рахунку, патрэбны?

Мясцовых жыхароў у вёсках амаль не засталося, адны дачнікі, раварысты і байдарачнікі ім не карыстаюцца. Толькі што браканьерам было б зручней у пушчу трапляць. Мост быў актуальны, калі там працаваў санаторый. Цяпер яго патрэба пад пытаннем.

Давайце спачатку зоймемся нашымі касцёламі, сядзібамі і іншай, больш каштоўнай гістарычнай спадчынай, а потым ужо да мастоў пяройдзем», — выказаў сваё меркаванне «НН» інжынер па паляўнічай гаспадарцы заказніка «Налібоцкі» Юрый Жаўрыд.

Усім неабыякавым Юрый Леанідавіч прапануе выехаць ў Валожынскі раён і дапамагчы аднаўленчым працэсам з рыдлёўкамі ў руках. Ці заснаваць грашовы фонд у падтрымку моста.

Чытайце таксама: Экстрэмальная Валожыншчына: паміж закінутым санаторыем і падвясным мастом

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?