У апошнія дзесяцігоддзі ва Угандзе і некаторых іншых краінах Афрыкі мясцовыя ведзьмакі практыкуюць чалавечыя ахвярапрынашэнні — так тут пазбаўляюцца ад хвароб, праблем у бізнэсе і асабістым жыцці. Колькасць афрыканцаў, якія загінулі ад рытуальных нажоў, вылічаецца некалькімі сотнямі ў год, піша часопіс «Новое время» са спасылкай на заходнія СМІ.

ААР

«Рытуальнае ахвярапрынашэнне было часткай нашых практык яшчэ з часоў прадзедаў»,— пацвярджае лекар з акругі Масака ў інтэрв'ю з даследчыкам Універсітэта Макерэрэ ва Угандзе.

У 2009 годзе Універсітэт Макерэрэ правёў серыю фокус-груп на замову мясцовага міністэрства гендару, працы і сацыяльнага развіцця ў сувязі з набіраючай маштаб жудаснай з'явай: пачынаючы з канца 90-х гадоў ва Угандзе сталі знікаць дзеці. Целы некаторых з іх потым знаходзілі абезгалоўленымі і раздзеленымі.

Як высветлілася, кроў, язык, геніталіі і іншыя часткі дзіцячых целаў у сваіх рытуалах выкарыстоўвалі ведзьмакі. Выпадкі чалавечага ахвярапрынашэння выявілі і ў іншых афрыканскіх краінах —Танзаніі, Нігерыі, Свазілендзе, Ліберыі, Батсване, Паўднёвай Афрыцы, Намібіі і Зімбабвэ. Ахвярамі ведзьмакоў станавіліся як дзеці, так і дарослыя.

АР

Так, у верасні 2017-га паліцыя Уганды арыштавала 44 падазраваных у рытуальных забойствах жанчын і дзяцей. Чалавечыя ахвярапрынашэнні сталі часткай сістэмы традыцыйных вераванняў і рытуалаў угандзійцаў толькі ў апошнія дзесяцігоддзі, сцвярджаюць эксперты. Гэтаму спрыялі беднасць, нераўнамернае эканамічнае развіццё рэгіёнаў краіны, недасканалае заканадаўства і нізкі адукацыйны ўзровень насельніцтва. Нягледзячы на тое, што ў апошнія тры гады ВУП краіны рос у сярэднім на 5%, а доля насельніцтва за рысай беднасці знізілася з 31% у 2006-м да 19,7% у 2013 годзе, далёка не ўсе мясцовыя жыхары адчулі паляпшэнне.

Сёння траціна насельніцтва Уганды па-ранейшаму занятая ў сельскай гаспадарцы, якая застаецца нізкапрадукцыйнай з-за выкарыстання прымітыўных тэхналогій. Асабліва дэпрэсіўным з'яўляецца паўночны рэгіён, дзе больш за 80% грамадзян жывуць у беднасці, а доступ да электрычнасці маюць усяго 4% хатніх гаспадарак. Ва Угандзе амаль не працуюць сацыяльныя ліфты, і некаторыя забабонныя беднякі будуюць свой дабрабыт, прыцягваючы вышэйшыя сілы.

АР

Звяртаюцца па паслугі ведзьмакоў-лекараў і заможныя афрыканцы, якія з дапамогай магічных рытуалаў хочуць захаваць і прымножыць уласны капітал. Улады Уганды яшчэ ў 2009 годзе стварылі ў складзе мясцовай паліцыі спецыяльнае падраздзяленне па барацьбе з чалавечым ахвярапрынашэннем. Паводле даных ведамства, у 2016 годзе ў рытуальных мэтах былі забітыя сямёра дзяцей, яшчэ столькі ж — годам раней. Аднак у грамадскіх арганізацыях незадаволеныя працай спецпадраздзялення, а заяўленую ім статыстыку называюць заніжанай. Актывісты сцвярджаюць: колькасць рытуальных забойстваў ва Угандзе вылічаецца сотнямі ў год, а распаўсюджванню з'явы спрыяюць самі жыхары краіны.

«Мы лічым, што грамадства фармуе попыт на часткі дзіцячых целаў»,— падкрэслівае Роўз Налубега, спецыяліст дабрачыннай арганізацыі Humane Africa, якая ўжо дзесяць гадоў змагаецца з жудаснымі практыкамі ў Паўднёвай і Усходняй Афрыцы. Калі людзі перастануць звяртацца да ведзьмакоў-лекараў, над дзецьмі перастане навісаць пагроза быць прынесенымі ў ахвяру, упэўненая яна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0