Фота Вадзіма Заміроўскага
Вясной 2018 года на мяжы Расіі з Беларуссю могуць быць устаноўленыя часовыя памежныя пасты, папярэдзіў першы намеснік кіраўніка МУС Расіі Аляксандр Гаравы.
«Мы дастаткова жорстка будзем працаваць з мая месяца», — заявіў Гаравы ў ходзе пасяджэння Рады Федэрацыі.
Магчымасць з'яўлення памежных пастоў ён патлумачыў клопатам расійскіх уладаў з нагоды адкрытасці мяжы, ва ўмовах калі ўлады Беларусі дазволілі грамадзянам 80 краін свету прыязджаць у сваю краіну без візы.
«Калі мы не ўніфікуем міграцыйнае заканадаўства і не пяройдзем на адзіную міграцыйную карту да сакавіка, урадам РФ папярэдне прапрацавана пытанне аб увядзенні часовых пагранічных пастоў як на аўтатрасе, так і на чыгунцы без спынення пасажырскіх цягнікоў», — сказаў Гаравы.
Першы намеснік кіраўніка МУС падкрэсліў, што яго ведамства турбуе таксама выкарыстанне транзіту праз Беларусь людзьмі, якіх шукаюць расійскія праваахоўныя органы ў сувязі з падазронымі паездкамі ў Сірыю.
«Яны сёння вяртаюцца ў Кіеў, едуць па дарозе, дзе таксама мяжа адкрыта, затым па Смаленскай трасе да нас», — сказаў Гаравы.
Дзяржпагранкамітэт Беларусі не каментуе выказванне МУС Расіі аб пагранічных пастах
***