Аб закулісных беларуска-польскіх перамовах піша чалавек, блізка знаёмы з пазыцыяй польскага МЗС. З камэнтароў на сайце НН.

На форуме НН разгарэлася спрэчка адносна перамоваў прадстаўнікоў афіцыйнай Варшавы зь беларускімі ўладамі, магчымае прызнаньне Эўропай будучых беларускіх выбараў, а таксама падзеі ўнутры Саюзу палякаў на чале з Анжалікай Борыс.

Сярод камэнтатараў ёсьць нехта, хто падпісаўся няхітрым нікам «З Польшчы». Па ўсім бачна, што чалавек досыць падкаваны ў пазыцыі польскага МЗС.

Ён піша: «Нічога з гэтага ня мела б месца (прабачце, але безь Беларусі абыходзіліся і спакойна бы абыходзіліся ў Эўропе і надалей), калі б не грузінскія падзеі. Пасьля іх нічога не засталося, як раней. Быў драматычны выбар: адказаць на спробу рэжыму навязаць кантакт з Захадам ці яе праігнараваць.

У новай, вельмі складанай сытуацыі, калі робіцца глябальны выбар, мы прынялі рашэньне — адказаць. Робіцца гэта, канечне, не для рэжыму, але для ўсіх вас.
Зразумейце, на кампрамісы трэба ісьці заўсёды. Мараль: калі пачынае «пахнуць паленым», дамаўляцца даводзіцца з рэальнай уладай. Толькі яна можа гарантаваць нейкае выкананьне выпрацаванага кампрамісу (хаця ў нас, канечне, мала ілюзій на гэты конт). У адным вы мне можаце паверыць:
вас, грамадзян суседняй краіны, мы не выкарыстоўваем «інструмэнтальна». Мы не Расея і ня робім нашу палітыку ў расейскім стылі.

У наступным пасьце камэнтатар «З Польшчы» адказвае на закіды тых, хто пачаў абурацца, што перамовы адбываюцца за сьпінамі беларускай апазыцыі, якая аказалася трэцім лішнім у гэтых працэсах.

«Апазыцыя ні за што не адказвае. Нават у Зымбабвэ апазыцыя больш‑меш адзіная, там ёсьць з кім размаўляць і з каго адказ узяць. Нам пакуль няма з кім дамаўляцца, апроч рэальнай улады. Таксама як у КНДР няма з кім болей дамаўляцца, апроч улады, нягледзячы на тое, што ўлады беспакарана не выконвае ніякія свае абавязкі».

Піша польскі чытач сайту і пра іншае: «За незалежнасьць, за права годна жыць, за права размаўляць і вучыцца на сваёй мове трэба змагацца. Нават стагодзьдзямі. У падарунак незалежнасьць не атрымліваюць. Мы гэта даказалі на ўласным прыкладзе, коштам аграмадных стратаў і безнадзейнай барацьбы. А вы нібыта імкняцеся яе выгандляваць па дзяшоўцы. Але баюся, што так, як удалося Шушкевічу ў 1991, так гэта ня ўдасца больш нікому», — сканчвае камэнтатар.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?