16 лютага «Воплі Відаплясава» запрашаюць мінчукоў у казачнае музычнае падарожжа, прысвечанае 20-годдзю самай значнай пласцінкі ў гісторыі ўкраінскай рок-музыкі — альбома «Музiка»!

Неверагоднае фантастычнае настальгічна-футурыстычнае шоу ў двух аддзяленнях «XX Rockів альбому «Музіка» пройдзе ў канцэртнай зале «Прайм Хол».

Яшчэ ў часы Савецкага Саюза група «Воплі Відаплясава» адкрыла для шырокіх мас украінскую рок-музыку. Спачатку лідар гурта Алег Скрыпка выкарыстоўваў суржык — украінска-расейскую трасянку — але з часам рабіўся ўсё больш і больш украінамоўным.

Пачатак творчасці ВВ — гэта такі сабе моладзевы сцёб, поспех якога быў менавіта ў экзатычным гучанні ўкраінскіх слоў. І першым хітом «Вопляў Відаплясава» сталі «Танцi».

Але паступова сцёб замяняўся лірыкай і фальклорам. Цікава, што сваю самую яркую прыгожую і самую ўкраінскую песню Скрыпка напісаў, калі жыў у Францыі.

У сярэдзіне 1990-х група фактычна распалася, а жанатыя з французскімі дзяўчатамі Скрыпка і басіст Піпа пачалі сумаваць па Радзіме. Так і нарадзілася песня «Весна».

Як успамінае сам Алег Скрыпка: «У ВВ была першая хваля — малады гурт. Энергія праз край… Другая хваля — песня «Весна». Напісаная шмат пазней, ужо ў Парыжы. Мне было па-добраму сумна — ва Украіне яшчэ не было чаго рабіць, у Парыжы ўжо нецікава…»

Альбом «Музіка», які адкрываўся песняй «Весна», быў створаны ў 1996 годзе ў Кіеве і Парыжы і выдадзены ўвесну 1997 года адначасова ва Украіне, Расіі, Казахстане і краінах Балтыі. Выхад кружэлкі гістарычна супаў з завяршэннем «французскага перыяду» ў біяграфіі «ВВ» і канчатковым вяртаннем легендарнай групы на радзіму.

З'яўленне альбома выклікала глабальны культурны выбух на ўсёй прасторы СНД, пазначыўшы новы адлік часу ў постсавецкай музыцы. І гэтую падзею «Воплі Відаплясава» запрашаюць грандыёзна адзначыць у «Прайм Холе» 16 лютага.

Квіткі ўжо можна купіць анлайн.

І тут для гасцей ёсць сюрпрызы!

Уладальнікі дзесяці VIP-білетаў атрымаюць у падарунак лімітаванае юбілейнае перавыданне кружэлкі «Музіка» на эксклюзіўным каляровым вініле, а першыя 50 фанатаў, якія набудуць квіткі, стануць уладальнікамі кампакт-дыска з альбомам-юбілярам.

Вясна прыйдзе! Сустракаем яе разам з «ВВ».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0