Дэміянн Грын, кіраўнік апарата брытанскага прэм'ер-міністра і адзін з найбліжэйшых паплечнікаў Тэрэзы Мэй, быў звольнены пасля таго, як у выніку расследавання высветлілася, што ён парушыў патрабаванні міністэрскага пратаколу.

Паведамляецца, што фармальна Грын падаў у адстаўку добраахвотна, пасля таго як яго настойліва папрасілі сысці.

Расследаванне прыйшло да высновы, што Грын даў «недакладныя і непраўдзівыя» паказанні адносна таго, што яму было вядома пра падазрэнні ў тым, што ў 2008 годзе ў яго працоўным камп'ютары ў палаце абшчын захоўвалася парнаграфія.

У сваім лісце з просьбай аб адстаўцы Грын прынёс прабачэнні за свае дзеянні. У адказ прэм'ер-міністр Тэрэза Мэй выказала глыбокае шкадаванне ў сувязі з яго адыходам.

Гэта ўжо трэцяя скандальная адстаўка ў брытанскім кабінеце за апошнія два месяцы. Раней урад пакінулі міністр абароны Майкл Фэлан і міністр па міжнародным развіцці Прыты Патэл.

61-гадовы Дэміян Грын, які ў якасці першага дзяржсакратара быў фактычна намеснікам прэм'ер-міністра Брытаніі, стаў аб'ектам расследавання з прычыны абвінавачванняў у непрыстойных паводзінах.

Сам ён абвяргаў абвінавачванні ў дамаганнях у адносінах да журналісткі Кейт Молтбі ў 2015 годзе і праглядзе парнаграфіі з працоўнага камп'ютара палаты абшчын у 2008 годзе.

У афіцыйным дакладзе, падрыхтаваным апаратам кабінета міністраў, гаворыцца, што заявы, з якімі Грын выступіў у лістападзе — ён запэўніваў, што нічога не ведаў пра тое, што ў яго камп'ютары захоўваліся парнаграфічныя матэрыялы, — з'яўляюцца недакладнымі і непраўдзівымі

Расследаванне таксама прыйшло да высновы аб праўдзівасці абвінавачванняў з боку журналісткі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?