Журналіст расійскага рэсурсу Life (былы «Лайфньюз») Яўген Норын у сваім матэрыяле з красамоўнай назвай «По киевскому сценарию. Почему мы теряем Белоруссию?» паспрабаваў прааналізаваць беларуска-расійскія адносіны і прыйшоў да несуцяшальных для Расіі высноў.
У матэрыяле аўтар звярнуў увагу на тое, што па большасці праблемных пытанняў (прызнанне Паўднёвай Асеціі, Абхазіі і анексіі Крыма) Беларусь не толькі палітычна не падтрымала Расію, але і пайшла далей: актыўна гандлявала з Украінай вайсковай тэхнікай і палівам.
Далей Яўген Норын апісвае «паўзучую нацыяналістычную беларусізацыю», якая нібыта адбываецца ў Беларусі.
«Сутнасць справы ў паступовым выцясненні рускай мовы з грамадскага і палітычнага жыцця на карысць беларускай мовы», — упэўнены спадар Норын.
Не засталася па-за ўвагай актыўнасць Ігара Случака, якога аўтар абвінавачвае ў цкаванні чыноўнікаў.
«Наогул, для мясцовых нацыяналістычных актывістаў дробнае цкаванне нізавых чыноўнікаў праз пракуратуру стала своеасаблівым спортам: у тым выпадку калі слуга народа не можа адказаць па-беларуску, для яго дабіваюцца штрафу».
Аўтар апісвае не толькі дзейнасць актывістаў, але і ўладаў. Журналіст Life сцвярджае, што Міністэрства адукацыі Беларусі «будуе планы аб пераводзе навучальнага працэсу ў абавязковым парадку на беларускую мову для асноўных ВНУ краіны».
Яўген Норын вельмі здзіўляецца факту, што Тадэвуша Касцюшку ў Беларусі не лічаць палякам, а «адшукваюць у яго беларускія карані».
Асаблівую ўвагу аўтар звярнуў на беларускі сегмент інтэрнэту, які ён лічыць антырасійскім.
«Прарасійскіх інтэрнэт-СМІ папросту амаль не існуе, і гэты працэс вельмі нагадвае тое, што адбывалася ва Украіне ў пачатку 10-х гадоў», — піша Life.
Таксама ў матэрыяле аўтар апісвае цяжкі лёс прарасійскіх актывістаў у Беларусі.
«Адсутнічаюць прыкметныя палітычныя арганізацыі, і нават культурныя цэнтры могуць закрывацца».
Яўген Норын, фота vk.com.
Не абмінуў спадар Норын і рэзанансны суд над аўтарамі сайта Regnum, якіх ён лічыць вязнямі сумлення.
«Зрухі, якія адбываюцца ў беларускім грамадстве — вялізны выклік для Расіі. З аднаго боку, яшчэ нічые адносіны не пацяплелі пасля простага выкручвання рук. Але, калі адкінуць ілюзіі, проста за памежнымі слупамі расце непрыязная да Расіі ідэалогія», — піша аўтар Life.
Норын мяркуе, што адносіны паміж беларускім і рускім народамі захоўваюцца цёплымі, і беларусы пераважна не падзяляюць нацыяналістычную ідэалогію. Але ён лічыць, што актыўная меншасць у Беларусі нібыта здольная навязаць сваю волю большасці. У якасці прыкладу ён ізноў прывёў Украіну.
На думку аўтара, Расія шмат чаго можа прапанаваць Беларусі ў эканамічным плане, але з грамадскім меркаваннем Беларусі яна не працуе.
«Найбольш стойкія і рашучыя прыхільнікі Расіі ў беларускім грамадстве зараз адчуваюць сябе проста кінутымі», — піша Яўген Норын.
***