Улетку 2017 года фігурант «справы графіцістаў» Вячаслаў Касінераў распавёў, што ў Маладзечне на яго напалі невядомыя. Па яго версіі, гэта былі прыхільнікі «правых» поглядаў.

Касінераў расказваў, што яго з сябрамі адмыслова шукалі: «Некалькі машын ездзілі па горадзе».

Касінераў пасля збіцця

Касінераў пасля збіцця

І вось, міліцыя паведаміла, што тых хуліганаў знайшлі. Іх было чацвёра: траім па 20 гадоў, аднаму 22. Двое з Маладзечна, адзін са Смаргоні, яшчэ адзін хлопец з Вілейскага раёна.

Свой удзел у бойцы яны пацвердзілі і прызналі віну.

«Судом высветлена, што ў той вечар кампанія маладых людзей задумала канфлікт з іншай кампаніяй. Не спадабаліся знешні выгляд і стыль зносін двух хлопцаў і дзвюх дзяўчат. Пасля невялікага дыялогу на гэтую тэму абвінавачаныя перайшлі да актыўных дзеянняў. Яны збілі сваіх візаві, прычым дасталася не толькі хлопцам, але і жанчынам», — паведамляюць міліцыянты.

Прычым міліцыянты падкрэсліваюць — пасля бойкі пацярпелыя актыўна распавядалі пра гісторыю ў СМІ. А на судзе пераважна казалі, што кепска памятаюць падзеі таго дня.

У выніку ўсе абвінавачаныя былі прызнаны вінаватымі і атрымалі па 3 месяцы арышту. Але ж ім залічылі тэрмін знаходжання пад вартай, пакуль ішло следства.

Такім чынам, трох хуліганаў вызвалілі, яшчэ адзін хлопец праходзіць таксама па іншай справе (ён асуджаны на 4 гады ізноў жа за збіццё).

Сам Вячаслаў Касінераў працягвае сцвярджаць, што нападнікаў было больш. У збіцці ўдзельнічала як мінімум сем чалавек, мяркуе ён. А тыя чацвёра проста трапіліся на камеры, пайшлі на супрацоўніцтва са следствам, таму міліцыя, маўляў, імі і задаволілася.

Ці задаволены ён прысудам?

«На прысуд мне ўвогуле пляваць. Нас — пацярпелых — фактычна лавілі і гвалтоўна везлі да следчых. Мы выступаем за тое, каб нам далі магчымасць абараняць сябе падчас нападаў, а не па факце збіцця змагацца ў судах. Трэба, каб змянілі законы і, напрыклад, далі магчымасць захоўваць і выкарыстоўваць траўматычную зброю», — патлумачыў Касінераў.

Таксама ён параўнаў прысуд са «справай антыфашыстаў» і прысудам Іллі Валавіку і яго сябрам:

«Тут збіццё ў цэнтры горада, ёсць відэазапісы — і 3 месяцы арышту. А за сутычку ў тралейбусе — 10 гадоў, 6 гадоў і два тэрміны па 4 гады адпаведна».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?