Адноўленая частка Каложскай царквы ў Горадні. Фота: Васіль Малчанаў

Адноўленая частка Каложскай царквы ў Горадні. Фота: Васіль Малчанаў

Працу над аднаўленнем драўлянай сцяны, якая знаходзілася ў аварыйным стане, ад кастрычніка 2017 года вёў ААТ «Горадняжылбуд». Каб паспець завершыць рэстаўрацыйныя працы да Раства, будаўнікам прыйшлося працаваць з самага ранку да позняга вечара. Як і абяцалі, новая сцяна Каложскай царквы была зробленая з самага лепшага матэрыялу, які ёсць у Беларусі — тэрмамадыфікаванай хвоі, устойлівай перад уздзеяннем вільгаці, ультрафіялету, а таксама рэзкімі перападамі тэмпературы.

Каложская царква да рамонту. Фота: Васіль Малчанаў

Каложская царква да рамонту. Фота: Васіль Малчанаў

Акрамя таго будаўнікі выраўнялі сцяну і паднялі яе крыху вышэй. Мяркуецца, што новая сцяна павінна адслужыць як мінімум яшчэ 100, а можа, і 200 гадоў.

Протаіерэй Барысаглебскай царквы ў Горадні, айцец Аляксандр Балоннікаў застаўся задаволеным рамонтам.

«Вы самыя бачыце, якой якасці гэтая праца — вельмі высокай. Што да драўлянай сцяны, дзвярэй, вокнаў — усё адрамантавана. Дзверы і вокны дубовыя. Дзверы, да прыкладу, зробленыя на такой вышыні, як у ХІІ ст., не так як дагэтуль, калі іх прыкрывала вонкавая сцяна. Вокны дагэтуль былі вельмі прымітыўныя і недасканалыя. З іх вельмі веяла. А цяпер гэтыя вокны з сапраўднага дубу, вельмі добра пасуюць да агульнага выгляду царквы. Зараз мы можам упэўнена сцвярджаць, што аварыйная сітуацыя цалкам ліквідаваная. Але што самае галоўнае і пра што мы павінны памятаць, гэта што рамонт не закрывае перспектыву рэстаўрацыі», — кажа айцец Аляксандр.

Наперадзе — другі этап рамонту Каложы

Завершаны толькі першы этап капітальнага рамонту царквы. На чарзе стаяць балкон, на якім будзе спяваць хор, а таксама аднаўленне падлогі.

Працы над новай сцяною. Фота: Васіль Малчанаў

Працы над новай сцяною. Фота: Васіль Малчанаў

«Спыняцца не прыходзіцца, бо кожнага разу, калі нешта рамантуеш, адразу становяцца бачнымі новыя праблемы, якія трэба вырашаць. У першую чаргу, адрамантаваць балкон для хору і падлогу. Раней яна шмат рамантавалася, але толькі месцамі і таму атрымалася, што падлога зроблена гэткімі «латкамі». Трэба давесці царкву да дасканалага стану», — тлумачыць айцец Аляксандр.

Праект рамонту драўлянай сцяны Каложы абмяркоўваўся яшчэ з 2015-га года. Не зважаючы на аварыйны стан бажніцы, з рамонтам не спяшаліся. Толькі пасля глыбокага і дэталёвага даследавання і дзвюх вялікіх канферэнцый з удзелам міжнародных экспертаў быў зацверджаны канчатковы праект аднаўлення драўлянай сцяны Каложы. На рамонт царквы з прэзідэнцкага фонду выдаткавалі 200 тысяч беларускіх рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?