Праваахоўнікі ў Беларусі сабралі матэрыялы даследчых праверак для далейшага завядзення крымінальных спраў на пяцёх грамадзянаў краіны, якія бралі ці бяруць удзел у ваенных дзеяннях ва Украіне і неўзабаве збіраюцца вярнуцца на радзіму, піша Радыё Свабода.

Пра гэта ў інтэрвію «Советской Белоруссии» паведаміў палкоўнік міліцыі Мікалай Карпянкоў, які ўзначальвае Галоўнае ўпраўленне барацьбы з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС. Паводле Мікалая Карпянкова, па вяртанні ў Беларусь на асобаў, якія бралі ўдзел у ваенных дзеяннях ва Украіне, будуць заведзеныя крымінальныя справы за наёмніцтва, якое ў Беларусі пераследуецца паводле закона.

Мікалай Карпянкоў таксама паведаміў іншыя лічбы пра наёмніцтва. Паводле яго, на датычнасць да наёмніцтва правяраюць 734 беларускіх грамадзянаў і асобаў без грамадзянства, якія стала жывуць у Беларусі. З іх дакладна высветлена, што 188 чалавек бралі ўдзел у вайне ва Украіне.

З 2017 году праваахоўнікі, якія падпарадкоўваюцца палкоўніку Карпянкову, завялі 10 крымінальных спраў і ўжо прыцягнулі за наёмніцтва 7 грамадзянаў Беларусі. Таксама выявілі 22 грамадзян Украіны, Расеі і Таджыкістана, якія бралі ўдзел у баях на Данбасе і цяпер пражываюць у Беларусі.

Паводле Мікалая Карпянкова, «вал» беларусаў-добраахвотнікаў, якія ехалі ва Украіну, каб ваяваць на розных баках канфлікту, удалося зменшыць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0