Часопіс «Спецназ» цытуе словы былога кіраўніка часці ўнутраных войскаў 3214 Дзмітрыя Паўлічэнкі. 

У прыватнасці, той расказаў пра роту выведкі, створаную ў 1998 годзе. 

Тая рота, па словах Паўлічэнкі, у тым ліку «займалася ліквідацыяй баз Расійскага нацыянальнага адзінства (РНЕ), «Белага Легіёна» і Беларускай партыі свабоды. 

«Экстрэмісты, якія спрабавалі дэстабілізаваць сітуацыю ў краіне, стваралі летнікі, дзе вучылі моладзь спосабам супрацьстаяння супрацоўнікам міліцыі, рыхтавалі да нападу на праваахоўнікаў», — дадаў Паўлічэнка. 

«Наша Ніва» пацікавілася ў былога кіраўніка «Белага Легіёна» Сяргея Чыслава (цяпер змяніў прозвішча на Бульбу), наколькі блізкія да праўды словы Паўлічэнкі. 

«Ніводнай нашай «базы» байцы Паўлічэнкі не ліквідавалі, нешта палкоўнік блытае, — адказаў Чыслаў. — Што лічыць «базай»? Нейкі стацыянарны лагер? Такога ў нас ніколі не было. Бывала, што мы праводзілі летнікі, але пры гэтым бралі афіцыйны дазвол у лясніцтваў ці мясцовых уладаў. Таемнасці не было». 

«І не ведаю, як наконт астатніх пералічаных у спісе «экстрэмістаў, якія спрабавалі дэстабілізаваць сітуацыю ў краіне», але «Белы Легіён» адносіў сябе да патрыётаў-дзяржаўнікаў. Мы, наадварот, дапамагалі чым маглі дзяржаўным органам: напрыклад, даводзілі да ведама таго ж Паўлічэнкі і ягонага кіраўніцтва факты антыдзяржаўнай дзейнасьці РНЕ. У прыватнасці, папярэджвалі пра дзеянні былога байца «Алмаза» Валерыя Ігнатовіча, які на базе РНЕ падбіраў і рыхтаваў баевікоў для ліквідацыі беларускай апазіцыі. Папярэджвалі таксама пра штогадовы летнік РНЕ, які праводзіўся ля возера Сялява пад Барысавам. Але ні Паўлічэнка, ні ягоныя разведчыкі ніякіх мер не прынялі. Хаця, быўшы папярэджанымі, яны б маглі прадухіліць тыя забойствы, што здзейсніў Ігнатовіч»,— адзначыў Чыслаў і нагадаў, што ў Асацыяцыі крапавікаў былі сябры «Белага Легіёна». 

«На здачу на наш «Сталёвы берэт» прыязджалі інструктарамі крапавікі. І раней мы да іх на здачу на крапавы ездзілі ў Валоўшчыну. Мы заўжды лічылі і лічым, што пагоны не замінаюць любіць Беларусь. Прыкра, што Паўлічэнка ў нейкіх уласных мэтах спрабуе паліць брудам «Белы Легіён», — падсумаваў Чыслаў. 

***

Дзмітрыю Паўлічэнку забаронены ўезд у краіны Еўрасаюза за меркаваную датычнасць да «эскадрону смерці» — групоўкі, якая, як мяркуецца, займалася выкраданнем і забойствам апазіцыйных палітыкаў, бізнэсоўцаў, а таксама прадстаўнікоў крыміналітэту. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?