«Нашай Ніве» стала вядома, што знакамітая беларуская плаўчыха, трохразовая алімпійская прызёрка Аляксандра Герасіменя стала ўласніцай надзела ў Драздах — прэстыжным раёне Мінска, дзе жыве лукашэнкаўская эліта.
Яна атрымала 15 сотак рашэннем Мінгарвыканкама №1358 ад 27 красавіка 2018 года.
Пакуль што на ўчастку Герасімені стаяць бытоўкі будаўнікоў суседняга офіснага цэнтра. Праз некалькі месяцаў яны знікнуць і можна будзе пачынаць сваю будоўлю.
Катэдж спартсменкі з цягам часу паўстане на ўчастку злева.
Найбліжэйшыя суседзі Герасімені — кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава і сакратар Рады бяспекі Станіслаў Зась.
Кошт зямлі ў гэтым раёне пачынаецца ад $400 тысяч за старую хату пад знос.
Як Герасіменя ўмудрылася атрымаць там надзел? Пра гэта мы спыталіся ў спартсменкі. Герасіменя запэўніла «Нашу Ніву», што для яе самой гэта нечаканасць.
«Я пісала ліст у гарвыканкам, на імя прэзідэнта. Я не прасіла канкрэтна там, проста прасіла даць зямлю. І далі. Далі бясплатна, але дакументацыя, афармленне — гэта за наш кошт. Я не ўяўляла, што будзе так», — расказала Герасіменя.
Як ёй суседзі і што збіраецца будаваць?
«З суседзямі яшчэ пазнаёмімся. А будаваць… не ведаю, на што хопіць сродкаў — тое і пабудуем», — сказала яна.
Таксама Герасіменя дадала, што не мела спакусы паспрабаваць прадаць надзел.
«Я люблю свой горад. Хацела дом, але я гарадскі чалавек, за горадам мне будзе цяжка, калі прадаць і купіць нешта там. А тут удалае месца, каб стварыць утульны куток», — рэзюмавала яна.
Паўтара года таму Аляксандра Герасіменя разам з мужам Яўгенам Цуркіным займелі прасторную (больш за 120 м2) чатырохпакаёўку ў навабудзе на вуліцы Філімонава ў Мінску. Нядаўна стала вядома, што сям'ю чакае папаўненне.
Па словах Герасімені, цяпер яе час займае яе праект «Спорт-інклюзія», у рамках якога яна з верасня плануе пачаць навучанне дзяцей з аўтызмам плаванню ў групах са звычайнымі дзецьмі.