Суд Фрунзэнскага раёну пакараў Паўла Севярынца, аднаго зь лідэраў пратэстаў супраць рэстарацыі «Поедем поедим» ля Курапатаў, піша радыё «Свабода».

Сам Павел Севярынец на паседжаньне суду не прыйшоў. Суд палічыў знаходжаньне Севярынца ля рэстарацыі са сьцягам несанкцыянаваным пікетам і пакараў яго на 10 сутак арышту.

Севярынец заявіў Свабодзе, што лічыць гэты прысуд беззаконьнем, што ўлады такім чынам хочуць зьбіць хвалю пратэсту супраць рэстарацыі ля Курапатаў.

Севярынец бліжэйшым часам чакае свайго затрыманьня.

Ужо раней ён атрымаў штраф памерам 50 базавых велічыняў за ўдзел у прэсавай канфэрэнцыі каля брамы рэстарацыі «Поедем поедим», якую суд назваў пікетаваньнем. Суд тады прызнаў яго вінаватым паводле ч. 3 арт. 23.34 КаАП «Парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавага мерапрыемства».

Павал Севярынец — адзін з ініцыятараў так званай «курапацкай варты». Ён амаль штодня дзяжурыць каля рэстарацыі. У пачатку ліпеня Севярынец быў сярод васьмі затрыманых актывістаў. За пікет у Курапатах ён правёў 10 сутак за кратамі.

Раней у суботу каля рэстарацыі «Подем поедим» затрымалі актывіста Максіма Вінярскага. Ён ужо адбывае 10 сутак у ізалятары часовага ўтрыманьня на вуліцы Акрэсьціна ў Менску.

Агулам суды завялі ўжо больш за 140 адміністрацыйных спраў на грамадзян, якія пратэставалі супраць адкрыцьця рэстарацыі «Поедем поедим».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?